Улады забаранілі прадаваць «БелГазету» – і ізноў праз карову

Міністэрства інфармацыі рэкамендавала «Белсаюздруку» «абмежаваць распаўсюд» чарговага нумару штотыднёвіка – і ён знік з прылаўкаў шапікаў. Пра гэта паведамляе Белсат. 

Вокладка забароненага да продажу праз «Белсаюздрук» нумару «Белгазеты»

Вокладка забароненага да продажу праз «Белсаюздрук» нумару «Белгазеты»

Імавернаю прычынаю забароны магла стаць як вокладка з загалоўкам «Рага і капыта. Абаср…ая карова як сімвал часу», гэтак і жартаўлівае інтэрв’ю з каровай па выніках шклоўскага разносу Лукашэнкі.
«Зʼяўляецца недапушчальным, калі асобныя СМІ ці інтэрнэт-рэсурсы, наўмысна гіпербалізуючы крытычныя пасылы, скочваюцца да адкрытай пошласці і хамства. Падобная зʼява, на жаль, становяцца сістэмнай для «БелГазеты», – заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.
Чыноўнік нагадвае, што культурна-маральны, этычны складнік – неад’емная частка прафесійнай журналістыкі, і папрасілі памятаць пра гэта ўсіх беларускіх журналістаў.
Міністэрства абяцае, што і надалей будзе абапірацца ў прыняцці рашэнняў на прынцыпы журналісцкай этыкі.
«Папяровы нумар газеты можна набыць на запраўках, узяць у бары «Beer Show» на Валадарскага і знайсці ў іншых месцах – забарона тычыцца толькі сеткі «Белсаюздруку», – распавёў Белсату PR-мэнеджэр выдання Яўген Малахоўскі.
Апошні раз з продажу ў «Белсаюздруку» нумар «БелГазеты» выключылі ў траўні 2017-га. Тады на вокладцы таксама былі каровы і быкі – яны і сталі прычынай забароны.
Пазней, праўда, аказалася, што забарона была неабгрунтаванай: Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, вывучыўшы ілюстрацыю, прыйшла да высновы, што яна «не ўтрымлівае элементаў эротыкі, парнаграфіі, заафіліі, гвалту і жорсткасці. Паводле жанру гэта інфармацыйны фотаздымак, на якім зафіксавана праца спецыяліста па ветэрынарыі і заатэхнік».
«БелГазета» – адно з нямногіх незалежных папяровых выданняў у Беларусі.