Улады працягваюць хлусіць пра COVID-19? Афіцыйна перахварэла 100 тысяч, а імунітэт — у 2 мільёнаў?

Улады, самі не ўсведамляючы таго, выдаюць праўду пра рэальную сітуацыі з каронавірусам у краіне. І гэта страшная праўда. Віцэ-прэм’ер Петрышэнка прагаварыўся: аказваецца, ужо 15-20% беларусаў валодаюць імунітэтам ад каронавіруса. Але як, калі афіцыйна перахварэлі крыху больш за 1% насельніцтва?!

44a80081ec286f2a1d183cdd7f11f969.jpg


Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў інтэрв’ю дзяржазнай агенцыі БелТА сказаў, што папуляцыйны імунітэт да COVID-19 пасля першай хвалі каронавіруса ацэньваецца ў 15-20%. «Спецыялісты папярэдне ацэньваюць папуляцыйны імунітэт у Рэспубліцы пасля першай хвалі на ўзроўні 15-20%. Больш дакладныя звесткі мы зможам атрымаць пазней, калі будуць праведзены даследаванні за больш працяглы перыяд, хоць бы 1-2 гады», — цытуе Петрышэнку «Беларускі партызан».

«Імунітэт у тых, хто перанёс інфекцыю раней, ёсць. Пытанне ў яго выяўленасці і эфектыўнасці. На жаль, у шэрагу перахварэлых антыцелы не рэгістраваліся або іх узровень быў нізкі. Гэта значыць, у гэтых грамадзян сфармаваўся нізкі імунітэт. Гэта становіцца прычынай паўторных заражэнняў», — сказаў Петрышэнка.

Паколькі імунітэт выпрацоўваецца «ў тых, хто перанёс інфекцыю раней», атрымліваецца, што ўжо каля 2 мільёнаў беларусаў перахварэлі каронавірусам, хоць Міністэрства аховы здароўя нас запэўнівае, што па стане на 9 лістапада такіх было усяго 107 тысяч, а гэта — менш за 1,5% насельніцтва краіны.

Затое на фоне гэтай інфармацыі абсалютна рэальнымі выглядаюць дадзеныя аб як мінімум 5 тысячах памерлых ад COVID-19 беларусах падчас першай хвалі.

Аднак гэта азначае, што проста цяпер тысячы беларусаў хварэюць на каронавірус, а дзясяткі паміраюць ад яго штодня. Гэта пацвярджаюць некаторыя ўскосныя дадзеныя.

Напрыклад, паводле звестак тэлеграм-канала «Белыя халаты», толькі ў адной мінскай лякарні, 5 ГКБ, за кастрычнік памерла 129 чалавек, з іх у 89 або ў асноўным дыягназе або ва ўскладненнях стаяла каронавірусная інфекцыя. За той жа перыяд 2019 года памерла 47 чалавек, 2018 год — 57 чалавек.

Заўважым, што пры гэтым 5 ГКБ не з’яўляецца профільнай, дзе лечаць COVID-19, таму нават страшна прадставіць статыстыку па смяротнасці ў інфекцыйцы, якая яшчэ ў кастрычніку была цалкам перапрафіляваная на каронавіруных пацыентаў.

Як піша телеграм-канал motolkohelp, у бальніцы ўжо няма свабодных кіслародных кропак.

Нагадаем таксама, што ў Гомельскай і Магілёўскай вобласці ўжо афіцыйна ўведзены масачны рэжым, а сёння стала вядома, што з-за каронавірусу ў Брэсце на месяц адмененыя любыя масавыя мерапрыемствы ў памяшканнях.

Пры гэтым улады не бачаць перадумоў для ўвядзення дыстанцыйнага навучання.