Украінскія праваахоўнікі ўбачылі сувязь паміж забойствам Шарамета і замахам на жыццё дэпутата Герашчанкі

Служба бяспекі Украіны прадухіліла арганізаваны з тэрыторыі Расеі замах на жыццё дэпутата Вярхоўнай Рады Антона Герашчанкі, а праваахоўныя органы цяпер правяраюць магчымую сувязь гэтага злачынства з забойствам беларускага журналіста Паўла Шарамета ў ліпені 2016 года ў Кіеве.

e6ad2d63_9fcf_4293_8309_cdda25aba525_w987_r1_sroprlorh.jpg


Паводле СБУ, непасрэдным арганізатарам замаху на жыццё Антона Герашчанкі быў ураджэнец Расіі, былы жыхар Харкаўскай вобласці, які далучыў да падрыхтоўкі забойства яшчэ двух раней судзімых грамадзянаў Украіны. 19 снежня яны выехалі ў Кіеў, дзе на працягу тыдня вялі актыўную выведку і назіранне за Антонам Герашчанкам, адсочвалі машыны, на якіх ён перасоўваўся. Зламыснікі планавалі падарваць аўтамабіль народнага дэпутата. Запасным варыянтам быў выбух на маршруце ягонага руху. Рыхтуючы забойства, гэтыя грамадзяне некалькі разоў выяжджалі ў Расію для атрыманьня далейшых інструкцыяў, а пасля злачынства плянавалі ўцячы на расійскую тэрыторыю.
Служба бяспекі Украіны затрымала зламыснікаў з прыведзеным у гатоўнасць самаробным выбуховым прыстасаваннем паблізу жылля Антона Герашчанкі.
Дарадца кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Заран Шкірак заявіў, што абставіны планавання і арганізацыі замаху на забойства народнага дэпутата ідэнтычныя падрыхтоўцы і здзяйсненьню тэракту супраць Паўла Шарамета. «Ёсць дэталі, якія могуць сведчыць пра ідэнтычнасць падыходу да здзяйснення злачынства», — адзначыў ён.
«У дадзеным выпадку мы можам казаць, што чалавек, які, паводле нашай інфармацыі, ёсць замоўцам забойства Антона Герашчанкі, мае непасрэднае дачыненне да расейскіх спецслужбаў. Тое ж самае можна сказаць і ў дачыненні да забойства Паўла Шарамета. Але адказ павінна даць следства», — падкрэсліў Заран Шкірак.
Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства.
На працягу апошніх месяцаў паліцыя і кіраўнікі спецслужбаў не выдаюць ніякай інфармацыі, заяўляючы, што гэта можа нашкодзіць следству.
Яшчэ ў ліпені Генеральны пракурор Украіны Юры Луцэнка назваў асноўнай версіяй забойства Шарамета расплату за яго прафесійную дзейнасць.
«Украінская праўда» устанавіла, што ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета следства распрацоўвала адну з вэрсіяў, паводле якой да забойства датычныя ўкраінскія баявыя батальёны.
Павал Шарамет — беларускі, расійскі і ўкраінскі журналіст тэлебачання, радыё і перыядычных выданняў, у 1990-х — 2000-х гадах кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расійскага тэлеканалу ОРТ, пасля — «Першага каналу» ў Расіі. Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданні «Украінская праўда», а таксама на радыё «Вести».
Паводле harodniaspring.org