Ухіліцца ад позвы ў армію стане немагчыма. У Беларусі ўвядуць закон аб прызыве па СМС

Для ваеннаабавязаных у Беларусі будзе шэраг важных змен. Акрамя павелічэння штрафаў і тэрмінаў адбыцця пакарання за няяўку па прызыве, улады маюць намер таксама ўвесці новую форму позвы і юрыдычна выключыць магчымасць яе неатрымання. Гэта значыць ухіленне ад уручэння папяровай позвы больш не дапаможа тым, хто пазбягае арміі. Новаўвядзенні закрануць абсалютна ўсіх, нават тых, хто да вайсковай службы ніякага дачынення не мае, піша «Люстэрка».

_minsk___tuman___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__21__logo.jpg.webp

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі», апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, прадугледжвае сярод іншага папраўкі ў закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».

Уводзіцца новы від позвы — па СМС: «Грамадзяне могуць быць апавешчаны аб неабходнасці яўкі ў ваенны камісарыят (адасобленае падраздзяленне), упраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі па вобласці з дапамогай СМС-паведамлення».

Эсэмэскай могуць выклікаць нават у выпадку мабілізацыі, а таксама на мерапрыемствы па мабілізацыйнай падрыхтоўцы.

Аператары электрасувязі будуць абавязаныя праводзіць СМС-рассылкі па спісах ад ваенкаматаў і КДБ.

Акрамя таго, аператарам прыйдзецца па запыце ваенкаматаў або КДБ у тыднёвы тэрмін прадастаўляць звесткі аб нумарах грамадзян, якія стаяць на вайсковым уліку або абавязаны на ім знаходзіцца.

А самі грамадзяне павінны будуць паведамляць у ваенкамат аб змене асабістага нумара тэлефона.

Што тычыцца папяровых позваў пад распіску, іх цяпер можна будзе ўручаць не толькі па месцы жыхарства прызыўніка, але і па месцы працы і «месцы знаходжання» — прасцей кажучы, у любых месцах, дзе чалавека выявяць. Займацца разносам позваў змогуць работнікі любых арганізацый, на якія такую задачу ўскладуць ваенкамат, мясцовы выканкам ці КДБ.

Распаўсюджваць інфармацыю аб мабілізацыі і неабходнасці яўкі ў ваенкаматы абавяжуць і ўсе зарэгістраваныя СМІ.

Дадзены законапраект пакуль не значыцца ў парадку дня на сайце палаты прадстаўнікоў, але, верагодна, будзе ўнесены туды ў бліжэйшы час. У выпадку яго прыняцця закон уступіць у сілу на наступны дзень пасля афіцыйнага апублікавання.

Не толькі армія

Пазбегнуць атрымання позвы і любога іншага афіцыйнага паведамлення цяпер будзе нельга не толькі ў выпадку з арміяй, але і ва ўсіх іншых сферах жыцця. Гэта прадугледжана законапраектам «Аб змяненні кодэксаў» — яго парламент ужо ўхваліў у двух чытаннях.

Дакумент уводзіць паняцце «юрыдычна значнае паведамленне». Гэта любыя заявы, паведамленні, патрабаванні і іншае, што тычыцца ўзнікнення, змянення або спынення грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Такія паведамленні могуць мець месца як пры ўзаемадзеянні дзяржавы з грамадзянінам (выклік у суд, міліцыю, на допыт, апавяшчэнне аб абавязку і іншае), так і ў выпадку здзелак паміж грамадзянамі. Пры гэтым прававыя наступствы ўзнікаюць з моманту дастаўкі паведамлення.

Глядзіце таксама

Галоўнае ў гэтым новаўвядзенні тое, што юрыдычна значнае паведамленне будзе лічыцца дастаўленым нават у тых выпадках, калі яго адправілі поштай або электроннымі сродкамі (па СМС, імэйле, у месенджар), але адрасат «па абставінах, якія залежаць ад яго», гэтага паведамлення не атрымаў або з ім не азнаёміўся.

Прасцей кажучы, калі чалавек не адчыніў дзверы паштару, які прынёс позву, або адключыў тэлефон, каб не атрымаць СМС, гэта яму ўжо ніяк не дапаможа. Факта адпраўкі будзе дастаткова, каб паведамленне лічылася юрыдычна дастаўленым. А значыць, ухіліцца ад атрымання такіх паведамленняў будзе немагчыма.

Як сказала на прэс-канферэнцыі, прысвечанай законапраекту, старшыня камісіі палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Святлана Любецкая, цяпер ёсць выпадкі, што «асобныя ўдзельнікі праваадносін» ухіляюцца ад атрымання паведамленняў, каб не выконваць свае абавязкі.

«Закон агульнага правіла аб тым, калі асоба лічыцца належным чынам апавешчанай, не змяшчаў. Гэты прабел сёння запоўнены. Юрыдычна значныя паведамленні лічацца ўручанымі і асобы будуць апавешчанымі ў любых выпадках, нават калі гэтая асоба па абставінах, якія залежаць ад яе, не была апавешчана альбо ўхілілася ад атрымання. Як часта бывае, электронныя сродкі адключаны, альбо файлы не адкрываюцца, альбо іншае штучнае стварэнне ўмоў для перашкод у атрыманні», — патлумачыла лукашэнкаўская дэпутатка.

Гэтая папраўка пачне дзейнічаць яшчэ не хутка. Закон павінен ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Лукашэнка, а пасля афіцыйнага апублікавання ён уступіць у сілу толькі праз год.