Мілітарызацыя — апошні прытулак дыктатараў

Позвы па СМС, мабілізацыя грамадзян на ўмацаванне абараназдольнасці ў мірны час і магчымасць службы па кантракце для судзімых. У Беларусі рыхтуюцца чарговыя змены ў пакет законаў аб гарантаванні нацыянальнай бяспекі, піша выданне planbmedia.io.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__26__logo.jpg.webp

Наладзіць мірнае жыццё беларускія ўлады са жніўня 2020 года нават не спрабуюць. Затое не шкадуюць намаганняў, каб усю краіну перавесці на жыццё ў рэжыме казармы.

Законапраект, які апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, прадугледжвае адмену большасці абмежаванняў на службу па кантракце, якія дзейнічаюць цяпер. Пасля таго як закон будзе прыняты, на службу па кантракце можна будзе браць як тых, хто ходзіць пад крымінальнай справай, так і ўжо адседзелых. Нездарма ж улады выхваляліся, як яны паспяхова пераймаюць вопыт ПВК Вагнера. Вось хоць бы са зняволенымі можа спатрэбіцца.

Пайсці на кантракт можна будзе нават людзям, якія наогул не служылі ў войску. Нават калі праігнаравалі ваенную службу без паважных прычын. Заадно адмяняюцца і ўсе ўзроставыя абмежаванні.

Да ўзроставых абмежаванняў праект закона наогул ставіцца ліберальна. Напрыклад, прыцягваць людзей на будаўніцтва абарончых збудаванняў у мірны час можна будзе ўжо з 16 гадоў. Праўда, на добраахвотных пачатках. На прагляд хакея або, скажам нацыянальнага «блокбастара» «На іншым беразе» школьнікі ж таксама ходзяць выключна на добраахвотных пачатках. Па закліку сэрца і пад наглядам класнага кіраўніка.

З двух да трох гадоў у новым законе павялічыцца пакаранне за ўхіленне ад войска. А ўлічваючы іншыя новаўвядзенні, можа атрымацца так, што ты ухілішся ад прызыву і нават не заўважыш. Мяркуючы па ўсім, неатрыманне СМС з патрабаваннем з'явіцца ў ваенкамат з-за зламанага, скажам, тэлефона не будзе дастатковай падставай для вызвалення ад адказнасці. Ваенкамат СМС адправіў, а калі гэта СМС згубілася па дарозе, то праблемы прызыўніка ваенкама не хвалююць.


Глядзіце таксама

У казарму крокам марш!

Цяперашні пакет законаў аб забеспячэнні нацыянальнай бяспекі не першы. І напэўна не апошні. За забеспячэнне сваёй нацыянальнай бяспекі ўлады сур'ёзна ўзяліся з 2021 года, яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Тэрытарыяльная абарона ў 250 тысяч чалавек, народныя апалчэнні ў 150 тысяч і асобная рыбалоўна-паляўнічая брыгада. Беларускія ўлады пагражалі, што ў выпадку чаго могуць паставіць пад ружжо ці то паўмільёна, ці то паўтара мільёна чалавек.

Беларускае грамадства чым далей, тым больш мілітарызуецца. Прынамсі ў прасторы дзяржаўнай прапаганды. У чацвер у праграме Азаронка, праўладны палітолаг Пётр Пятроўскі параўнаў карысць ад IT і спецыяльных падраздзяленняў. Вядома, не на карысць IT.

«Яны (сілы спецыяльных аперацый) дамагліся падаўлення шасці спробаў майдана ў краіне! Яны сёння душаць спробы тэрарыстычных актаў і дыверсій у нашай дзяржаве. Яны абараняюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі».

«Я бачу дасягненні іх. Я не бачу ніякіх дасягненняў для беларускай дзяржавы і грамадства айцішнікаў».

І не паспрачаешся. Калі айцішнікі такія разумныя, то чаму не навучыліся хадзіць строем? У казарменнай рэальнасці, куды ўлады вядуць краіну, няма нічога важней, чым уменне хадзіць строем.

Улада мілітарызуе краіну нават не таму, што яна баіцца нейкіх знешніх пагроз. Не праз полк Каліноўскага ці войскі NATO ля межаў. Нават улада разумее, што супраць NATO тэрытарыяльная абарона і народныя апалчэнні ёй не дапамогуць. Хаця б таму, што проста не захочуць. Проста кіраваць краінай атрымліваецца ўсё горш, а камандаваць казармай лёгка. Таму мілітарызацыя — апошні прытулак адчайных дыктатараў.