Удзельнік акцыі «Стоп-падатак»: «Аўто вярнулі, але я хачу пакараць начальніка ДАІ»
Дзмітрый Прыгараў, у якога за ўдзел у акцыі "Стоп-падатак", якая праходзіла 20 снежня ў Мінску, адабралі аўтамабіль BMW, мае намер пакараць начальніка ДАІ. Пра гэта ён распавёў сайту kp.by.
Дзмітрый Прыгараў. Фота: svaboda.org
Малады чалавек упэўнены, што з ім паступілі няправільна.
— Так, машыну мне вярнулі, яна цэлая і непашкоджаная. Але, вядома ж, я перажываў, бо яна заробленая потым і крывёю, і я не думаў, што магу пазбавіцца яе вось так, у адзін момант, — распавёў «Камсамолцы» Зміцер Прыгараў, у якога забралі машыну пасля таго, як ён сігналіў падчас акцыі «Стоп-падатак» 20 снежня. Спачатку за гэта яго і аштрафавалі, але пазней машыну вырашылі забраць, каб праверыць нумары.
— Галоўнае, я ведаў, што з дакументамі ўсё ў парадку: машына тройчы праходзіла тэхагляд і ўсё зверкі нумароў.
Ну якія высновы я зрабіў з гэтай сітуацыі ? Усё накшталт бы і так зразумела: у якой краіне мы жывем, і што ў любы момант могуць прыйсці да любога. Машыну вярнулі, але я не спынюся на гэтым і ўжо напісаў скаргу з просьбай назваць імёны і пасады тых, хто мяне затрымліваў, а таксама пакараць вінаватых. Таму што гэтыя людзі стаялі без бэджыкаў, і хто гэта быў — я магу здагадвацца толькі па іх тварах. А я хачу ва ўсім разабрацца і пакараць.
— А якое пакаранне вас бы задаволіла?
— Каб іх хаця б прэмій пазбавілі. Па сутнасці, падначаленыя выконвалі загад, і яны нібыта як і не вінаватыя. Але начальніка ДАІ , які і аддаваў той загад, я хачу пакараць па поўнай. Таму што тое, што са мной здарылася, — гэта няправільна, так не робіцца, і я не хачу, каб яшчэ нехта пацярпеў.