У Слуцку збіраюцца правесці мітынг на ўгодкі збройнага чыну 1920-га
У Слуцку збіраюцца правесці дэманстрацыю і мітынг на ўгодкі Слуцкага збройнага чыну 1920-га. Заяўкі ў райвыканкам падалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік слуцкай партыйнай арганізацыі Віталь Амяльковіч. Акцыя запланаваная на суботу, 28 лістапада.
Прэс-служба Партыі БНФ нагадвае, што летась мясцовыя ўлады не дазволілі правесці ў Слуцку мітынг на ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Аляксей Янукевіч спадзяецца, што сёлета, пасля прыпынення Еўрасаюзам санкцый у адносінах беларускіх чыноўнікаў, можна спадзявацца на станоўчае рашэнне.
Нагадаем, у лістападзе-снежні 1920 года ў Слуцкім павеце былі створаны органы ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі і пачало фармавацца беларускае войска. З 27 лістапада случчакі вялі баі з войскамі Чырвонай Арміі, абараняючы сваю зямлю. У канцы 1920-га яны вымушаныя былі, перад пераважаючымі бальшавіцкімі сіламі, адступіць на тэрыторыю, якую кантралявалі польскія войскі. Афіцыйна ўгодкі Слуцкага збройнага чыну ў Беларусі не адзначаюцца.