У Мінску з’явіліся ўлёткі ў падтрымку незалежных журналістаў
"У 2015 годзе журналістаў у Беларусі судзілі ўжо 21 раз... Хопіць!" — напісана на ўлётках, заўважаных калегамі ў цэнтры беларускай сталіцы.
Нагадаем, што пераслед незалежных журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі сёлета займеў ужо маштабы кампаніі.
Суддзі паводле міліцэйскіх пратаколаў ужо 21 раз судзілі журналістаў з розных рэгіёнаў краіны, а агульная сума штрафаў перавысіла 100 мільёнаў рублёў.
На дадзены момант адміністрацыйныя працэсы па артыкуле 22.9 КаАП распачатыя супраць нашых калег Алеся Леўчука, Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача. Судзіць апошніх будуць 9 і 10 ліпеня ў Глыбокім.