Замежныя СМІ пра Беларусь: 25 чэрвеня — 2 ліпеня
У будучых падручніках беларускай гісторыі ён (Лукашэнка) будзе названы бацькам беларускай незалежнасці, таму што любога іншага Масква даўно б зацягнула: у Масквы адносна Беларусі былі цалкам пэўныя планы — зрабіць яе суб’ектам Расійскай Федэрацыі, а Лукашэнка вадзіў іх за нос гадоў 10–15. «24.ua» (Украіна)
Гэта раней для нас, ды і для ўсёй Еўропы, Аляксандр Рыгоравіч са сціплым псеўданімам «Бацька» быў жорсткім дыктатарам і ворагам свабоды слова і дэмакратычных асноў. А зараз
— практычна аплот дэмакратыі і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Мы цяпер з ім сябруем, на яго раўняемся, у Мінск лятаем угаворваць Пуціна, у Кіеве сустракалі яго і дзякуем за дапамогу. А тое, што
ён у сябе даўно ўжо «памножыў на нуль» усю апазіцыю і трымае ў яжовых рукавіцах усіх свабодалюбных грамадзян, дык гэта глупства. Мы на гэта заплюшчваем вочы. Вось і атрымліваецца,
што сёння мы «сябруем» з кіраўнікамі, нічым, па сутнасці, не адрознымі ад крамлёўскага тырана. А ведаеце чаму? Таму што ўсе нашы кіраўнікі таксама хочуць быць аднаасобным
кіраўнікамі і быць пры ўладзе дзесяцігоддзямі. На шчасце, ва Украіне гэта ўжо немагчыма. Пасля Майдана — дакладна.
«LB» (Украіна)
Беларуская эканоміка ўвайшла ў стан рэцэсіі: ВУП краіны планамерна зніжаецца ўжо паўгода — мінус 3% па выніках студзеня-мая 2015 года. Экспарт за чатыры месяцы ўпаў на 30,5%. Адмоўнае
сальда знешняга гандлю таварамі набліжаецца да 1 мільярда долараў. У эканоміцы растуць неплацяжы, прамысловыя прадпрыемствы ў большасці сваёй працуюць няпоўны працоўны тыдзень, узровень рэальных
заробкаў падае (мінус 3%), выплачваюцца яны з затрымкай. Эксперты лічаць, што дата правядзення прэзідэнцкіх выбараў перанесеная на месяц раней, чым называлася, менавіта таму, што пачатак кастрычніка
— крытычная кропка, да якой яшчэ можа дацягнуць беларуская эканоміка. Далей улады вымушаныя будуць пачынаць нейкія змены пад ціскам абставінаў, а любыя рэформы — з’ява
цяжкая. Праводзіць іх можна толькі пасля заканчэння прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
«Независимая газета» (Расія)
На працягу апошняга года Захад паступова пазбаўляе беларускага прэзідэнта статусу «апошні дыктатар Еўропы». У ЕС прыйшлі да высновы, што ізаляцыя Беларусі і яе кіраўніцтва
толькі падштурхоўвае краіну бліжэй да Расіі. Дапамог і ўкраінскі канфлікт, які дазволіў Лукашэнку паказаць сябе галоўным еўрапейскім міратворцам. У гэтай сітуацыі беларускі лідар, настойваючы, што
Расія заўсёды будзе яго галоўным партнёрам, усё ж адмовіўся прызнаць анексію Крыма, стаў выбудоўваць дэманстратыўна сяброўскія адносіны з Парашэнкам і адстойваць самабытнасць беларускай нацыі. Калі
пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года супраць Лукашэнкі і яго паплечнікаў былі ўведзеныя санкцыі, дык зараз, наадварот, Брусэль спрабуе ўмацаваць адносіны з Мінскам. Еўропа мяркуе, што чым менш
ізаляцыя Беларусі, тым менш яна залежыць ад Расіі.
«Газета.ру» (Расія)
ФСБ і КДБ Беларусі праводзяць сумесныя калегіі — у іх сумеснае планаванне і сумесная справаздачнасць. Нават у нашых дыпламатычных установах беларускія калегі працуюць у інтарэсах
расійскіх калегаў, выконваючы іх замовы. Гэтак жа яны працуюць і па Украіне, у расійскіх інтарэсах. У іх ёсць агульнае ваеннае камандаванне, планаванне ваеннай абароннай дзейнасці. Значыць, гэта
ваенна-палітычныя саюзнікі. І гэта вышэйшая форма ўзаемаадносін паміж незалежнымі дзяржавамі. Таму лічачы, што гэта нейтральная краіна, мы праводзім перамовы, на самай справе, на тэрыторыі
праціўніка. Мінск — гэта самы няўдалы з усіх магчымых выбараў. Фактычна, адзінае, што гэта дае — магчымасць вяртання Лукашэнкі ў высокую палітыку. Ён выкарыстоўвае гэта досыць
эфектыўна для вырашэння сваіх праблем. Навошта гэта Украіне?
«112.ua» (Украіна)