У Мінску адбылося шэсце да Лошыцкага яра, дзе расстрэльвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій
Каля 50 чалавек удзельнічалі ў традыцыйным шэсці да Лошыцкага яра ў Мінску, дзе ў 1930-х гадах расстрэльвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Удзельнікі санкцыянаванай гарвыканкамам акцыі, якую, як і ў ранейшыя гады, арганізавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, сабраліся сёння каля палаца культуры
"Лошыцкі" і ў 12.35 пачалі рух па тратуары ўздоўж вуліцы Маякоўскага. Дэманстранты нясуць бел-чырвона-белыя сцягі, сімволіку партыі, транспаранты "Дзяды" і
"Беларуская салідарнасьць — наш супраціў расійскай акупацыі".
Калону суправаджалі некалькі супрацоўнікаў міліцыі, адзін з якіх у сіняй камізэльцы інфармацыйнай групы ГУУС. За мерапрыемствам назіралі сілавікі ў цывільным з відэакамерай, паведамляе БелаПАН.
Паводле звестак гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася так званае Белае лецішча — месца размяшчэння спецкаманды НКУС, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяр сталінскіх
рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.
Па дадзеных Зянона Пазняка, у Лошыцкім яры было расстраляна каля 10 тысяч чалавек.