У Беларусі дзейнічае секта «Святой Русі»

У «Нашу Ніву» звярнуўся занепакоены чытач з Паставаў. Ён даслаў у Рэдакцыю сканы дзіўных улётак, у якіх было ўсё: Пуцін, космас і Вялікая Русь.



sekta.jpg

«Гэтыя ўлёткі і газету «Откровение» прынесла мне маці. Па яе словах, агітпрадукцыю раздавалі 9 лістапада на мясцовым кірмашы, — паведаміў Дзмітрый. — Рабілі гэта дзве жанчыны, прычым адна раздавала ўлёткі, а другая фатаграфавала працэс».
Высветлілася, што такім чынам рэкламуецца «Общероссийское общественное движение содействия духовному развитию населения «За Государственность и Духовное возрождение Святой Руси».
Гэтая суполка зарэгістравана на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі як некамерцыйнае аб’яднанне. Сама па сабе яна нешта сярэдняе паміж патрыятычнай арганізацыяй і рэлігійнай сектай. Узначальвае рух Леанід Маслаў — доктар тэхнічных навук, былы дарадца Эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта РФ, дарадца Старшыні праўлення «Газпромбанка» і выкладчык у карпаратыўным інстытуце «Газпрома» і Вышэйшай школе эканомікі. Але цяпер Маслаў заняты больш важнай справай: паведамляецца, што з 26 жніўня і па сёння ён атрымлівае дыктоўкі ад вышэйшага Касмічнага розуму, які таксама называецца і «Айцом Нябесным», і нават «Біякамп’ютарам». Варта адзначыць, што, згодна з Маславым, менавіта ягоны «Айцец» яшчэ і стварыў інтэрнэт. 
Ва ўлётках, якія напісаны бюракратычнай мовай, побач з партрэтам Пуціна і цытатамі як самога расейскага прэзідэнта, так і Вангі з Настрадамусам, паведамляецца аб «місіі славянскіх народаў» і «фарпосце духоўнага адраджэння чалавецтва», якім, вядома, з’яўляецца Расія.
Па версіі Маслава, зараз ідзе фазавы пераход: Зямля пераходзіць на больш высокі ўзровень вібрацый, і, канечне, перайсці разам з ёй змогуць толькі тыя, хто прыслухоўваецца да Касмічнага розуму. Для гэтага таксама неабходна духоўна аб’яднацца. Беларусь і Украіна — гэта непадзельная Святая Русь, сцвярджаецца ва ўлётках, і, калі ўсе нарэшце аб’яднаюцца, расейскі народ павядзе за сабой усё чалавецтва.
Каб даведацца, што патрабуецца ад патэнцыйных кандыдатаў у кліенты Касмічнага розуму, я патэлефанаваў па нумарах, якія былі на ўлётках. Жанчына, якая назвалася Любоўю Уладзіміраўнай Кузьміной, майму званку вельмі ўзрадавалася. Высветлілася, што яна ўдзельніца віцебскага «філіяла» руху. Падобныя суполкі, ахвотна расказала яна, існуюць па ўсёй Беларусі.
Называючы мяне «сонейкам», жанчына ў першую чаргу пацікавілася, адкуль я пра іх даведаўся. Пачуўшы, што я «атрымаў улётку ў Паставах», яна літаральна прыйшла ў захапленне: «Цудоўна!!!»
Па яе словах, ад удзельнікаў руху амаль нічога не патрэбна. Грашовыя выдаткі мінімальныя — сама Кузьміна набывае газет і ўлетак, якія раздае, прыкладна на 50 000 беларускіх рублёў на месяц. Галоўнае, што патрабуецца ад патэнцыйнага кандыдата, гэта быць гатовым да ўнутранага росту і самаўдасканалення. Прычым удзельнікам руху (Кузьміна настойвала, што яны не секта і не царква) наведваць храмы ніхто не забараняе. Бо Хрыстос, па яе выразах, быў «анёлам высокіх вібрацый», якога чалавецтва —«нізкавібрацыйнае» на той момант — не прыняло.
Цікава, што, па яе словах, мясцовыя ўлады арганізацыі не замінаюць. Не так даўно — 18 кастрычніка — яны без усякіх перашкод правялі свой «Сабор Святой Русі» ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна. Удзельнічала ў ім каля 50 чалавек.
«Дамовіліся з Таццянай Мікалаеўнай, якая нядаўна стала дырэктаркай, і арандавалі актавую залу на другім паверсе, — сказала Кузьміна. — А яшчэ раней такі ж сабор праводзіўся ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Горкага».
У сваю чаргу кіраўніцтва бібліятэкі імя Леніна катэгарычна адмовілася ад таго, што ў іх праводзіўся гэты «сабор». Спачатку дырэктар Таццяна Адамян настойвала, што ні пра які рух яна не ведае, і казала, калі гэта ўсё ж здарылася, то праз дамоўленасці з мінулым дырэктарам.
Што ж тычыцца Любові Кузьміной, то яна ўпэўнена і апантана расказала пра ўсебаковую падтрымку руху.
«На Дажынках мы працавалі з міліцыяй. Яны ўсё ведаюць пра нас, — паведаміла мая суразмоўца. — Я сама некалькі гадоў таму даслала нашыя інфармацыйныя матэрыялы ў рэзідэнцыю Лукашэнкі. І, як паведаміў наш кіраўнік Маслаў, каманда Лукашэнкі падзякавала за іх — сказалі, што Аляксандр Рыгоравіч чытае «Откровение».
Увогуле, па словах Кузьміной, рух падтрымлівае і патрыярх Кірыла, які таксама выказваў падзякі (зноў жа, так расказаў сваім прыхільнікам Маслаў). Ды і Пуцін на ўлетках знаходзіцца менавіта таму, што «таксама рэзаніруе, таксама ва ўнісон». Што ж тычыцца маіх сумненняў наконт аб’яднання Беларусі са «Святой Руссю», то Любоў Уладзіміраўна паабяцала, што я потым сам усё зразумею.
За паўгадзіны нашай гутаркі Кузьміна паведаміла мне шмат дзівосаў: і пра тое, што ўсе мы гіпербарэі, і пра ззянне, якое выходзіла з яе дыяфрагмы… Але бог — ці Касмічны розум — з ёй!
Больш цікавіць не гэтае, а тое, што даволі неадназначная арганізацыя застаецца без увагі ўладаў, у адрозненне ад тых жа грамадскіх актывістаў ці незалежных СМІ. Паспрабуйце раздаваць улёткі аб правах чалавека, пабачыце, праз які час вамі зацікавіцца міліцыя. А пра Касмічны розум — калі ласка. Можа, і праўда ўся справа ў вібрацыях?
nn.by