Андрэй Іларыёнаў: Чацвёртую сусветную Пуцін рыхтаваў 11 гадоў, і яна будзе доўгай
Аб гэтым экс-дарадца прэзідэнта Расіі, які цяпер займае пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка Цэнтра Інстытута Катона па глабальнай свабодзе і росквіту (Вашынгтон), заявіў у сваім выступе на канферэнцыі ў Брусэлі.
Эксперт перакананы, што падзеі ва Украіне нельга называць «ні крызісам у Украіне, ні украінскім крызісам». «Гэта ўжо не крызіс, а вайна. Гэта вайна ў вельмі простым
сэнсе гэтага слова», — заявіў ён.
Паставіўшы пытанне, якога віду гэтая вайна, Іларыёнаў сам на яго адказаў: «Гэта — расійска-ўкраінская вайна. Калі быць больш дакладным, гэта вайна Пуціна супраць
Украіны».
«Большасць расіянаў не падтрымліваюць гэтую вайну. Вайна Пуціна супраць Украіны ўжо з'яўляецца доўгатэрміновай», — перакананы эксперт.
Сваё меркаванне адносна таго, чаму гэтая вайна з'яўляецца доўгачасовай, Іларыёнаў пачаў тлумачыць тым, што, па яго перакананні, яна рыхтавалася, мінімум 11 гадоў.
«З 2003 года. Я магу сказаць, што ў маёй прысутнасці абмяркоўваліся некаторыя пытанні будучай вайны супраць Украіны. У той час я не думаў, што гэта абмеркаванне сапраўды прывядзе да
сапраўднай вайны», — сказаў ён.
Далей эксперт успомніў 2004 год, калі падчас Аранжавай рэвалюцыі правяралася падрыхтоўка далейшай акупацыі і анэксіі Крыма. У 2008 годзе была апублікаваная ў «Рускім часопісе»
ўцечка плана ваеннага камандавання, «у якім вы ўбачыце праект вайны супраць Украіны, апісаны ў дэталях», з 2009 — паведамленне аб дзеяннях, накіраваных на падтрымку
сепаратыстаў ва Украіне.
«Менавіта таму гэтую вайну рыхтавалі вельмі доўга. Гэта працяглая вайна, якая доўжыцца ўжо больш чым 16 месяцаў, і была афіцыйна пачата 27 ліпеня 2013 года ў выступе Пуціна ў Кіеве з
нагоды Хрышчэння Кіеўскай Русі», — лічыць ён.
Іларыёнаў таксама лічыць, што, «на жаль, гэтая вайна хутка не скончыцца». «Мы бачым, што Пуцін кажа тое, што ён робіць. Мы маем справу з доўгатэрміновай вайной. Але
гэта не толькі вайна Пуціна супраць Украіны», — перакананы эксперт.
У гэтым аспекце ён успомніў праблемы з Грузіяй, Арменіяй, Азербайджанам, Прыднястроўем, Казахстанам.
«Пуцін сказаў, што Казахстан не мае гістарычнай дзяржаўнасці. Гэта выразна значыць, што дзяржава, якая не мае гістарычнай дзяржаўнасці, можа яе страціць, калі Назарбаева не будзе
побач», — сказаў эксперт, паказаўшы і на падзеі, якія за апошнія некалькі тыдняў адбыліся ў Латгаліі — Усходняй Латвіі, дзе пражывае рускамоўнае насельніцтва.
«Намер такі ж, як у Крыме і на ўсходзе Украіны — той жа падыход. Гэта выклік не толькі постсавецкім краінам і рэспублікам, гэта выклік усяму ЕС і НАТА. А на гэты выклік няма
адказу», — падкрэсліў Іларыёнаў.
Эксперт кажа, што мэтай такіх дзеянняў з'яўляецца «разбурыць парадак, які існуе ў Еўропе апошнія дзесяцігоддзі».
Іларыёнаў таксама ўказаў на два апошнія выступы Пуціна на Валдае і ў Сочы, «якія маюць вялікую важнасць для любой еўрапейскай палітыкі».
У сувязі з гэтым ён правёў параўнанне гэтых выступленняў з лістамі Адольфа Гітлера, якія былі адпраўленыя прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі Чэмберлену 23 і 25 жніўня 1939, у якіх Гітлер
прапаноўваў змяніць сусветны парадак.
Эксперт сцвярджае, што існуе 25 агульных момантаў паміж гэтымі лістамі і выступамі Пуціна, «амаль напісанымі пад капірку».
«Амаль слова ў слова, прапанова ў прапанову, ідэя ў ідэю. Толькі некалькі месяцаў таму мы гаварылі пра ідэю Пуціна аднавіць так званы «Рускі свет». Гэта ўжо састарэла.
Зараз амбіцыі значна вышэй. Гэта прапановы па змяненні сусветнага парадку, міжнароднай сістэмы, якая існуе з канца Другой сусветнай вайны. Таму цяпер мы маем справу не з рэгіянальнымі праблемамі,
такімі, як вайна Пуціна супраць Украіны ці вайна супраць суседзяў на постсавецкай прасторы, або вайна супраць ЕС і НАТА. Гэта змяненне ўсяго сусветнага парадку», — кажа
Іларыёнаў.
Паводле яго слоў, Пуцін і «яго машына прапаганды выразна сказалі, што гэта чацвёртая сусветная вайна». «Калі вы іх слухаеце, то гэта цалкам зразумела. Яны расцэньваюць
халодную вайну як трэцюю, і цяпер кажуць, што яны ў чацвёртай сусветнай вайне, каб змяніць правілы гульні», — лічыць эксперт.
Іларыёнаў успомніў і два элементы такой канфрантацыі. «Гэта — інфармацыйная вайна ці, сказаць правільней, дэзінфармацыйная вайна на ўсіх мовах, якая стварае новае бачанне
сусветнага парадку. На жаль, мы павінны прызнаць, што яны дасягнулі пэўнага поспеху не толькі ў Расіі але і ў іншых месцах», — сказаў ён.
Іншым элементам экс-дарадца назву «ядзерны шантаж». «Гэта найбольш небяспечна. Любы адказны палітык у Еўропе ці Амерыцы будзе рабіць усё магчымае, каб не дазволіць
здарыцца ядзернай вайне. Менавіта таму прапанова, якое змяшчаецца ў выступах Валдай-Сочы вельмі выразная — вы павінны ўспрыняць новыя ўмовы сусветнага парадку, інакш я буду пагражаць
ядзернай зброяй. Гэты выклік, на які свет яшчэ не мае адказу», — трактуе выступу Пуціна эксперт.
У гэтай сувязі Іларыёнаў выказаў перакананне, што канец гэтай вайне «прыйдзе тады, калі Расея будзе свабоднай і дэмакратычнай дзяржавай».
«Пакуль Расія будзе знаходзіцца пад дыктатурай, рызыкі і пагрозы для свету будуць існаваць», — лічыць Іларыёнаў.
УНІАН