У Віктара Бабарыкі ў калоніі «заробак вырас у 35 разоў»!
Васкрасенскі расказаў пра сустрэчу з Віктарам Бабарыкам наступнае пасяджэнне камісіі па памілаванні, піша «Наша Ніва»: «Яму павысілі заробак у пякарні. У 35 разоў — быў 1,60 рубля ў месяц, а цяпер 50 рублёў».
Камісія па памілаванні, якая разглядае справы палітвязняў, засядае раз на квартал. Мінулы раз быў у верасні. Што далей? Юрый Васкрасенскі расказаў, ці рухаецца працэс і навошта ён ездзіў у калонію да Бабарыкі.
У верасні камісія памілавала 13 палітвязняў, якія ўжо адбывалі пакаранне. Яшчэ чатыры (фігуранты справы Белгазпрамбанка — Купрэева, Карака, Жардзецкі, Сажын) выйшлі ў кастрычніку да суда.
Наступнае пасяджэнне камісіі чакаецца ў канцы лістапада — пачатку снежня. Там плануюць разгледзець і пытанне па Дзмітрыі Гопце (21-гадовым хлопцы з разумовай адсталасцю).
«Мы перадалі ў камісію 200 прозвішчаў. На мінулым пасяджэнні разгледзелі толькі 20 (і з іх 13 было памілавана), бо паспелі сабраць дакументы толькі на 20 чалавек. Там складаная працэдура — на кожнага рыхтуецца цэлая папка: характарыстыкі з месцаў адбывання пакарання, медыцынскія даведкі.
Мы маем і трэці спіс з сотняй чалавек на памілаванне. Але пакуль падаваць яго не будзем, каб не перагружаць камісію», — кажа Юрый Васкрасенскі.
Ён расказаў таксама, што 8 лістапада ездзіў у наваполацкую калонію да Віктара Бабарыкі (пра гэты візіт згадвала таксама былая адвакатка палітвязня Наталля Мацкевіч).
«Мы хацелі б бачыць Бабарыку ў спісах на памілаванне. І ён мог бы там аказацца. Наша размова пры сустрэчы цягнулася каля 40 хвілін. Я заклікаў Віктара Дзмітрыевіча пачаць гасіць шкоду і напісаць прашэнне аб памілаванні.
Дэталі размовы я пакіну ў таямніцы. Калі Віктар Дзмітрыевіч і яго адвакаты захочуць, яны раскажуць самі.
З навін ад яго — яму павысілі заробак у пякарні. У 35 разоў — быў 1,60 рубля ў месяц, а цяпер 50 рублёў».