У Варшаве пахавалі беларуску Лізу, якая памерла пасля згвалтавання (фота)
14 сакавіка ў Варшаве развіталіся з беларускай Лізай, якая памерла пасля згвалтавання ў цэнтры Варшавы. Жалобнае мерапрыемства прайшло на Паўночных могілках (Północny cmentarz), піша выданне Most.
У залу ўнеслі закрытую труну. Па просьбе сваякоў людзі прыйшлі з белымі кветкамі. У белым адзенні быў і персанал, які абслугоўваў цырымонію.
У зале сабралася каля 50-60 чалавек, якія прыйшлі развітацца, а таксама шмат прадстаўнікоў польскай і беларускай прэсы. Сярод прысутных быў і палітык Зянон Пазняк.
Раней блізкія беларускі падзякавалі за дапамогу і папярэдзілі ўдзельнікаў, што слова будзе дадзенае толькі служкам царквы і блізкім.
«Большасць з нас, што стаяць тут, не ведала Лізу асабіста. Але мы пазналі ў ёй нашых сясцёр, нашых дачок, нашых сябровак. Мы ўбачылі ў ёй сябе. Перад абліччам вялікай трагедыі нашы сэрцы напаўняюцца адчаем. Мы сутыкаемся з тым, што зусім нам непадуладнае. Што мы не можам кантраляваць. На яе месцы магла апынуцца любая з нас — і гэтая думка выклікае жах», — сказала адна з выступоўцаў.
Грошы на пахаванне былі сабраныя на адной з польскіх дабрачынных платформаў. Даніла, хлопец загінулай Лізаветы, у ранейшай размове зь «Белсатам» выказаў вялікую падзяку ўсім за шчырую падтрымку, адзначае «Свабода».
«Я атрымаў вялізную колькасьць прапановаў дапамогі ад беларусаў, украінцаў, палякаў. Дактары, юрысты, служкі царквы і проста неабыякавыя людзі ўвесь гэты час падтрымлівалі, дапамагалі, былі побач, маліліся. Дзякую за вашыя добрыя сэрцы і падтрымку».
25 лютага на 25-гадовую беларуску Лізавету, якая вярталася раніцай дадому, напаў мужчына ў масцы. Ён прыставіў ёй да шыі нож, сілай адцягнуў яе да суседняй брамы, дзе пабіў і згвалтаваў. Аголеную Лізавету, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю.
1 сакавіка Лізавета памерла ў шпіталі, у якім прабыла амаль тыдзень пасьля нападу. 6 сакавіка ў польскай сталіцы прайшоў марш яе памяці.
Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы. Яго арыштавалі на тры месяцы. Адпаведна выстаўленым абвінавачаньням яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У вядучых польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы некалькі дзён была адной з асноўных.
У сваю чаргу намесьніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя
Эйхарт заявіла ў этэры TVN24, што вызначэньне згвалтаваньня ў Крымінальна-выканаўчым
кодэксе Польшчы зьменяць, «каб яно стала злачынствам, а не — як сёньня —
правапарушэньнем».