У рэгіёнах праблемы з вакцынай АКДС: «Эўпенту» набылі, але яшчэ не давезлі

У беларускіх рэгіёнах праблемы з вакцынай АКДС. Карэйскую "Эўпенту", вакол якой віравалі жарсці ў мінулым годзе, зарэгістравалі ў Беларусі і набылі, але не паспелі давезці да нашай краіны ў неабходнай колькасці.

www.ganc-chas.by

www.ganc-chas.by

"Сёння зноў патэлефанавала раніцай у паліклініку, вакцыны няма", — распавядае TUT.BYМарыя, маладая мама з Баранавічаў.
У жанчыны двое дзяцей. З прышчэпкамі для старэйшага ніякіх праблем не было. Усё рабілася дзень у дзень, тэлефанавала медсястра і запрашала ў паліклініку. Але з малодшым дзіцем ўсё адбылося інакш: "Эўпенты" для планавай прышчэпкі ад коклюшу, дыфтэрыі і слупняку ў паліклініцы не было.
"Тады нам прапанавалі зрабіць платную "Гексаксім" за 92 рубля! Калі не згодныя, трэба адмаўляцца ад прышчэпкі. Але чаму? — працягвае маладая маці. — Яна ж прадугледжана для дзяцей бясплатна, і я хачу прышчапіць дзіця".
Пра адсутнасць карэйскай выкцыны TUT.by распавялі ў некалькіх паліклініках у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Дактары кажуць, што дзяцей будуць прышчапляць па індывідуальным плане.
"Эўпента" да нас не паступала з красавіка, і цяпер яе наогул няма ў Гродзенскай вобласці. Яна ўжо ў краіне, але яшчэ правяраецца", — кажуць у 1-й дзіцячай паліклініцы ў Гродне. А ў 4-й дзіцячай паліклініцы ў Баранавічах кажуць, што апошняе паступленне "Эўпенты" было 10 дзён таму. 361 дозу ў Баранавічы накіравалі з іншай вобласці.
У той жа час у Мінску ніякіх праблем з карэйскай вакцынай няма, пастаўкі ідуць без перабояў.
Журналісты TUT.by атрымалі каментар Іны Карабан, намесніцы начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Беларусі:
"У сувязі з наяўнасцю абмежаванай колькасці вакцыны "Эўпента" ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях для забеспячэння вакцынацыі дзіцячага насельніцтва праводзіцца пераразмеркаванне дадзенай вакцыны паміж арганізацыямі аховы здароўя рэгіёнаў рэспублікі. З моманту рэгістрацыі і ўнясення ў "Дзяржаўны рэестр лекавых сродкаў Рэспублікі Беларусь" вакцыны "Эўпента" праведзеная яе закупка, паступленне ў краіну чакаецца на працягу бліжэйшага часу".
Паводле euroradio.fm