У Неапалі затрымалі беларуса па запыце беларускіх улад

У Неапалі затрымалі беларуса, якога шукаюць беларускія ўлады праз Інтэрпол.

_dort___plot___zycce___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas.jpg_logo.crdownload

Беларуса затрымалі ў Неапалі па запыце беларускіх улад. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць беларускага рэжыму ў Польшчы, але не быў у Беларусі пяць гадоў, піша «m*stmedia». Арышт, нібыта, можа быць звязаны з крымінальнай справай аб махлярстве.

З 2018 года беларус Уладзіслаў жыў і працаваў у Польшчы. 8 лютага 2023-га разам з жонкай ён паехаў у Неапаль, каб адзначыць дзень нараджэння. Увечары ў гатэлі яго затрымала італьянская паліцыя па запыце беларускіх улад.

Падчас затрымання паліцэйскія надзелі беларусу кайданкі і пасля даставілі ў пастарунак. Падставай для затрымання стаў запыт на вышук у Беларусі. Справай займаецца Інтэрпол.

— Надзелі кайданкі і проста павезлі ў аддзяленне. Сказалі, што мусяць экстрадаваць у Беларусь. Мы ўсе ў шоку, не разумеем, што адбываецца. У Беларусі ў 2020 годзе ён не быў, але ў Польшчы ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, — распавяла журналістам сяброўка сям'і.

Вядома, што Уладзіслаў у 2019 годзе быў сведкам па крымінальнай справе ў Беларусі. У вышук беларускімі службамі мужчына быў абвешчаны 1 снежня 2020 года.

Паліцыя Неапаля паведаміла:

— 8 лютага ў раёне П'яцца Муніцыпіа быў часова арыштаваны 27-гадовы грамадзянін Беларусі з мэтай экстрадыцыі. Быў атрыманы ордэр на арышт, выдадзены беларускімі ўладамі 1 снежня 2020 года за махлярства.

Цяпер беларуская дыяспара Італіі шукае адваката беларусу.

Інфармацыю аб затрыманні валанцёры перадалі Офісу Святланы Ціханоўскай.