У Мінску судзілі пенсіянерку, затрыманую на магіле Васіля Быкава. Нібыта ўсталявала БЧБ-сцяг
14 траўня суддзя Першамайскага раёна Анастасія Лейкоўская разглядзела справу 61-гадовай Ірыны Карнеевай. Пенсіянерка прыйшла на суд па позве. Згодна з пратаколам, Ірына Ігараўна «прыняла актыўны ўдзел у пікетаванні, усталяваўшы БЧБ-сцяг на надмагіллі Васіля Быкава». За гэта Ірыну затрымалі наўпрост на могілках, а ў Першамайскім РУУСе на яе склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП.
На судзе Ірына патлумачыла, што добра памятае дзень
пахавання Быкава, калі яго труну накрылі БЧБ-сцягам. Таму яна вырашыла завязаць
кветкі стужкамі менавіта гэтай расфарбоўкі. Да магілы пісьменніка жанчына 9 мая ўсклала тры чырвоныя цюльпаны, піша «Вясна».
Па словах Ірыны, сцяг яна не ўсталёўвала, а толькі ўсклала
кветкі. Яна лічыць гэта выразам сваёй павагі, а не пікетаваннем. Пенсіянерка
знаходзілася каля надмагілля толькі 5 хвілін. У гэты момант да Карнеевай
падышлі два супрацоўнікі міліцыі і адвялі ў службовую машыну. Па дарозе ў яе
пыталіся, ці ведае яна пра акцыю, на што Ірына адказала адмоўна.
У суд асабіста прыйшоў і
сведка-міліцыянт, які пацвердзіў, што Ірына ўсталявала сцяг і распавядаў суду
пра заклікі ў дэструктыўных тг-каналах. Таксама пры затрыманні сведка
прапанаваў жанчыне забраць кветкі для доказу яе віны, але ў пратаколе напісалі
толькі пра БЧБ-сцяг.
Ірына каля надмагілля Быкава пазнаёмілася з мужчынам, які
асабіста ведаў пісьменніка. У момант іх гутаркі і адбылося затрыманне, таму
жанчына папрасіла знаёмага прыйсці ў суд у якасці сведкі. На судзе ён
пацвердзіў, што ніякай сімволікі Карнеева не ўскладала.
Пенсіянерка паспрабавала звярнуцца да сведкі-міліцыянта:
— Я хацела б даведацца, што адчувае чалавек, які хлусіць суду?
— Пытанне здымаецца.
Сведка-міліцыянт суду пацвердзіў, што затрымліваў жанчыну
каля 19 гадзін, але ў пратаколе гаворка ідзе пра 16 гадзін. У Ірыны атрымалася
даказаць, што ў 16:00 яна знаходзілася ў іншым месцы, дзякуючы чэку.
Адвакат жанчыны звярнуў увагу суда на характэрныя памылкі ў пратаколе і дадаў, што пытанні аб кветках і стужках ніяк не адносяцца да справы, бо Ірыну абвінавачваюць канкрэтна ў устанаўленні сцяга. Пасля тлумачэнняў адваката суддзя Лейкоўская вырашыла вярнуць справу на дапрацоўку.