У Літве пададзена 5 спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць беларускіх сілавікоў
Рыхтуюцца яшчэ 11 спраў для накіравання ў пракуратуру Польшчы.
Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю на YouTube-канале "Краіна для жыцця" прадстаўнік ініцыятывы BYBOL Мацвей Купрэйчык, які раней займаў пасаду старшага ўпаўнаважанага Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкама.
У пачатку лютага паведамлялася, што першая заява ў дачыненні да беларускіх сілавікоў для расследавання па ўніверсальнай юрысдыкцыі была пададзена ў Чэхіі. На той момант у гэтай краіне да падачы рыхтаваліся яшчэ больш за 10 заяў.
Акрамя таго, у Літве ўжо ідзе дасудовае расследаванне справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі па факце збіцця прадпрымальніка Максіма Харошына. Таксама вядома імя грамадзянкі Літвы беларускага паходжання, якая звярнулася ў літоўскую паліцыю з нагоды гвалту з боку беларускага рэжыму. Гэта Марыя Матусевіч, якая была затрыманая ў Мінску 11 жніўня мінулага года. Яе апыталі, на дадзены момант яна знаходзіцца ў статусе сведкі.
Святлана Ціханоўская таксама абмяркоўвала магчымасць старту спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Эстоніі, дзе, паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, праходзяць рэабілітацыю пасля гвалту з боку сілавікоў некалькі беларусаў.
reform.by