У Кобрыне шукаюць таго, хто абразіў суддзю
У Кобрыне міліцыя шукае таго, хто абразіў суддзю Аляксея Кміта. Падазраюць бацьку чацвярых дзяцей, але той сваю віну адмаўляе.
Нагадаем, што 22 верасня суддзя Кобрынскага раённага суду Аляксей Кміта па выніках закрытага працэсу не задаволіў іск дзіцячай доктаркі Юліі Рафаловіч у абарону гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.
Разгляд грамадзянскай справы педыятра супраць рэдакцыі раённай газеты «Кобрынскі веснік» адбыўся ў сувязі з размяшчэннем 21 красавіка на сайце vkobrine.by і 24 красавіка ў папяровым выданні артыкула «Калі забытая клятва Гіпакрата…». Аўтар публікацыі паведаміў, што ўчастковая лекарка «з палітычных матываў наадрэз адмовілася… аказваць дапамогу дзіцяці супрацоўніка РАУС». Калі ж праваахоўныя органы не знайшлі ў дзеяннях доктаркі складу злачынства, каб распачаць супраць яе крымінальную справу, Юлія Рафаловіч падала ў суд іск да «раёнкі».
Пасля прысуду пачалося яго абмеркаванне ў сеціве, прычым у адным з каментараў сілавікі ўбачылі абразу асобы Аляксея Кміты і пачалі пошук аўтара выказвання.
Увагу міліцыянтаў у каторы раз прыцягнуў бацька чацвярых дзяцей, самавіты кобрынец Алесь Мандра, вядомы сярод месцічаў сваёй адкрытай грамадзянскай пазіцыяй, працавітасцю, грунтоўнасцю, цэльнасцю і надзейнасцю. За перыяд пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў ён шматкроць затрымліваўся сілавікамі, быў пакараны адміністрацыйным штрафам на 540 рублёў, пяць разоў адседзеў за кратамі ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання — агулам 15 сутак.
27 верасня спадара Алеся ў чарговы раз затрымалі і адвезлі ў Кобрынскі РАУС на апытанне ў рамках праверкі для атрымання неабходных звестак і завядзення крымінальнай справы супраць абражальніка суддзі.
«Паколькі не маю аніякага дачынення да гэтага зняважлівага каментару ў сеціве, выказаў гатоўнасць прайсці праз паліграф, каб пацвердзіць свае словы», — зазначыў спадар Алесь. На ягонае меркаванне, сумнеўна, каб міліцыянты знайшлі аўтара абразлівага каментару, паколькі той, хутчэй за ўсё, знаходзіцца па-за межамі Беларусі.