У гарадах Расіі праходзяць акцыі супраць вайны з Украінай

У Расіі затрыманыя каля 50 чалавек, што пратэставалі супраць вайны. У Маскве затрыманая праваабаронца Літвіновіч, якая заклікала да акцый супраць вайны з Украінай, абвешчанай Крамлём "спецаперацыяй у Данбасе".

Затрыманне ўдзельніцы антываеннай акцыі ў Маскве

Затрыманне ўдзельніцы антываеннай акцыі ў Маскве

У многіх гарадах Расіі ў чацвер, 24 лютага, праходзяць акцыі салідарнасці з Украінай у адказ на рашэнне Уладзіміра Пуціна абвясціць вайну суседняй краіне, названую Крамлём "спецыяльнай вайсковай аперацыяй на Данбасе". Удзельнікі пратэстаў і адзіночных пікетаў патрабуюць спыніць ваенныя дзеянні і спрыяць міру паміж дзвюма дзяржавамі.

Паліцыя пачала затрымліваць дэманстрантаў. Так, у Маскве затрыманая праваабаронца Марына Літвіновіч, якая раней заклікала суграмадзян увечары 24 лютага выйсці на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў на антываенныя акцыі. Затрыманне адбылося на выхадзе з дома, яе адвезлі ў АУС "Мяшчанскі".

Акрамя таго, у расійскай сталіцы былі затрыманыя некалькі актывістаў, якія выйшлі з антываеннымі плакатамі на Пушкінскую плошчу, да будынка МЗС РФ і метро "Баўманская", паведамляе праваабарончы партал "ОВД-Инфо". Па яго звестках, мінімум двое чалавек затрыманыя і ў Санкт-Пецярбургу.

Затрыманні адбываюцца на Далёкім Усходзе, у Сібіры і на Урале. Напрыклад, у Хабараўску паліцыянты затрымалі актывіста з плакатам "Пуцін, прэч з Украіны!", паведамляе Sota.Vision. Паліцыя спаслалася на пастанову кіраўніцтва рэгіёну па барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй. А ў Іркуцку затрыманы адзін з чатырох удзельнікаў адзіночных пікетаў, піша "Медиазона".

У Екацярынбургу ў аддзяленні паліцыі дастаўленыя пяцёра ўдзельнікаў адзіночных пікетаў, паведамляе Znak.com. На іх складаюць пратаколы аб парушэнні парадку правядзення мітынгу.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў "ОВД-Инфо", на момант публікацыі матэрыялу ў 11 гарадах Расіі затрыманыя мінімум 49 чалавек.

Паводле www.dw.com