У цэнтры Мінска раздавалі пратаколы за навагоднія гулянні
У навагоднюю ноч у Мінску група дзядоў маразоў і снягурак віншавала мінакоў з Новым годам, раздаючы «адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у навагодніх гуляннях» з інфармацыяй пра арыштаваных, што сустрэнуць Новы год у ізалятары.
Такім чынам актывісты хочуць прыцягнуць увагу да жорсткіх пакаранняў за ўдзел у мірных сходах і шматлікіх парушэнняў пры ўтрыманні адміністрацыйна асуджаных.
Так, кіраўнік Legalize Belarus і экс-кандыдат «Моладзевага блоку» Стас Шашок быў затрыманы ў пад’ездзе свайго дома і на наступны дзень асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі 20 снежня. На суд не была дапушчаная нават маці актывіста. Два дні запар да Шашка не пускаюць адваката. Дзяжурныя тлумачаць адмовы адсутнасцю вольных пакояў для сустрэч.
Падчас акцыі аднаго ўдзельніка затрымалі, перапісалі пашпартныя дадзеныя, пасля чаго адпусцілі.
На 15 сутак быў асуджаны адзін з лідараў пратэстаў супраць інтэграцыі з Расіяй Павел Севярынец. Новы год за кратамі сустрэлі таксама Максім Вінярскі, Дзяніс Урбановіч, Яўген Афнагель, Алесь Чахольскі, Леанід Кулакоў, Зміцер Казлоў і Сяргей Ціханоўскі.
Арыштаваныя скардзяцца на антысанітарныя ўмовы ўтрымання, перапоўненасць камераў, зняважлівае абыходжанне, знішчэнне асабістых рэчаў, адсутнасць штодзённых прагулак, умоваў для сна, а таксама на тое, што ім не перадаюць пісьмовую карэспандэнцыю.
Паводле прэс-рэлізу