У цэнтры Брэста зноў пратэставалі супраць акумулятарнага завода

1 красавіка праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце зноў сабраліся ў цэнтры гораду, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні. На плошчу Леніна выйшлі блізу 100 чалавек, некаторыя трымалі чорныя і жоўтыя паветраныя шары з надпісам «Жыць», піша Радыё Свабода.

1c4a6da5_c779_4f4f_87b3_9e977b544ee5_cx7_cy6_cw89_w1023_r1_s.jpg


Як расказалі БелаПАН удзельнікі акцыі, многія з іх не першы раз выходзяць на плошчу — падобныя акцыі праходзяць кожную нядзелю, пачынаючы ад 25 лютага.
«У мяне чацвёра ўнукаў і я перажываю за іх здароўе. Акумулятарнага заводу не павінна быць пад Брэстам», — адзначыла жыхарка Брэсцкага раёну.
Іншы ўдзельнік акцыі лічыць, што Беларусь успрымаюць як краіну трэцяга свету, куды можна перанесці такія небяспечныя вытворчасці.
«Жыхары Брэста і раёну супраць гэтага прадпрыемства, але чыноўнікі нас ня чуюць», — заявіў суразмоўца агентства.
Мясцовы праваабаронца Раман Кісляк не выключае, што некаторыя найбольш актыўныя ўдзельнікі могуць быць затрыманыя — людзі ў цывільным падыходзяць і раяць ня ўдзельнічаць у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».
Узвядзенне акумулятарнага заводу пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПаўэр», падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Брэсцкага раёну і абласнога цэнтру лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Сабрана 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва, яны перададзеныя ў прэзідэнцкую адміністрацыю.
31 сакавіка праціўнікі будаўніцтва правялі інфармацыйную акцыю, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да небяспечнай вытворчасці. За гадзіну мінакам было раздадзена 150 улётак пра шкоду свінцу і 50 чорных балонікаў, на якіх белымі літарамі напісана «Жыць». Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.