У Брэсце ўрач адмовіўся лячыць міліцыянта ад каронавіруса

Цяпер медыка могуць звольніць.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У Брэсце разгарэўся скандал з-за міліцыянта, якому нібыта не аказалі дапамогу ў бальніцы. Медык, як сцвярджае МУС, адмовіўся лячыць пацыента з-за таго, што ён служыць у органах унутраных спраў.
Учора, 13 лістапада, у telegram-чатах з'явіліся паведамленні, што аднаго з лекараў БГБ №1 у Брэсце хочуць пазбавіць ліцэнзіі і ануляваць дыплом. Ён нібыта не прыняў без чаргі міліцыянта з пнеўманіяй і пацверджаным каронавірусам.
Паведамлялася, што прыёму ў медыка чакалі каля 30 чалавек. А вартавы парадку скардзіўся, што яго доўга не прымаюць, і нібыта патрабаваў неадкладнай кансультацыі. На што доктар адказаў, што людзей шмат, медперсанал стараецца. Калі міліцыянт працягнуў настойваць, доктар, не вытрымаўшы, сказаў: "Дык разганіце ўсіх дубінкамі, у вас гэта добра атрымліваецца".
Пасля гэтага пацыент адышоў і потым напісаў скаргу на лекара. МУС абвясціла гэтую гісторыю фэйкам, але пры гэтым пацвердзіла інцыдэнт. Па версіі прэс-службы ведамства, іх супрацоўніка хуткая прывезла ў бальніцу прыкладна ў 18 гадзін 5 лістапада. Тры гадзіны мужчына сядзеў сярод іншых наведвальнікаў і чакаў прыёму.
— Медперсанал ігнараваў яго, аказваючы медыцынскую дапамогу пацыентам, якія былі дастаўлены пазней. На пытанні, чаму яму не аказваюць дапамогу, медыкі неаднаразова адказвалі — чакайце! — распавялі ў МУС. — Прымаючы лекар у прысутнасці навакольных даў зразумець, што адмаўляецца яго лячыць, бо пацыент з'яўляецца супрацоўнікам органаў унутраных спраў.
У доказ міліцыя прыклала запіс з камер назірання ў бальніцы. На кадрах бачна, што пацыентаў у аддзяленні сапраўды шмат. З'яўляліся ўсё новыя і новыя людзі. Вартавы парадку выглядаў цалкам бадзёра ўпараўнанні з большасцю наведвальнікаў. Нейкага канфлікту публічнага на кадрах не відаць.
Цяпер справай зоймецца Следчы камітэт. Па якім артыкуле хочуць прыцягнуць лекара, яшчэ незразумела.
Паводле 1reg.by