Другая хваля кавіду. Што адбываецца ў Беларусі, куды вярнуўся каронавірус
Калі пратэсты ў Беларусі сціхнуць, то прычынай таму будуць не толькі халады, рэпрэсіі і маральная стомленасць людзей. З вуліцы беларусаў можа прагнаць каронавірус, што вярнуўся да нас, як Будулай да сваёй Клавы. Другая хваля кавіду накрывае краіну так імкліва, што першая — вясенне-летняя — ужо зараз здаецца кветачкамі.
Статыстыка б’е рэкорды, закрываюцца межы, у гарадах і раёнах тэрмінова ўводзіцца масачны рэжым, а ў ізаляцыю сыходзяць цэлыя працоўныя калектывы… Што адбываецца? «Новы Час» сабраў асноўнае на гэты момант пра пандэмію на нашым «кавалачку зямлі».
Колькасць хворых няўхільна расце
Падчас першай хвалі каронавіруса штодзённая колькасць захварэўшых на кавід, паводле афіцыйнай статыстыкі, расла паступова — 500, 600, 700, 800, 900… Але на падыходзе да 1000-й адзнакі — свайго кшталту псіхалагічнай рысы — рост спыніўся. У людзей гэты выклікала вядомы недавер, аднак было і было. У сярэдзіне лета сітуацыя з кавідам палепшала і адыйшла на другі план.
Цяпер усё інакш. «Сімвалічны» рубеж у тысячу інфікаваных за дзень пяройдзены — і лічбы працягваюць расці. Пры тым наперадзе не цёплыя дзянькі, як мінулы раз, што давалі справядлівую надзею на паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі. Наперадзе — яшчэ палова лістапада і зіма, калі нават банальнымі грыпам і ВРВІ дарослыя і дзеці хварэюць часцей і цяжэй. Значыць, ёсць перадумовы для далейшага распаўсюду каронавіруса.
Сярод медыкаў і не толькі існуе меркаванне, што смяротнасць ад кавіду гэтым часам меншая, чым на першай хвалі. Маўляў, тады не ведалі, за што хапацца, не ўмелі лячыць, не было агульных інструкцый і часта дзейнічалі навобмацак. А цяпер набылі досвед — і ставіць на ногі хворых стала лягчэй.
Магчыма, яно і так, тым не менш афіцыйная статыстыка кожны дзень фіксуе 3-6 лятальных выпадкаў. І гэта пракладна такая ж колькасць, якую мы мелі паўгода таму.
Аднак залішне казаць, што лічбам Мінздароўя многія беларусы, мягка кажучы, не давяраюць. Лічаць, што дзяржаўныя органы недагаворваюць і заніжаюць паказчыкі. Адчуванне гэтага замацоўваюць паведамленні набліжанага да медыцынскай супольнасці тэлеграм-канала «Белыя халаты». Крыніца, у прыватнасці, піша, што толькі за адны з лістападаўскіх сутак і толькі ў сямі ўстановах аховы здароўя памерлі 19 чалавек. Каму верыць, як кажуць, кожны вырашае сам.
Так ці інакш, але людзі паміраюць. Гэтая тэма пакуль яшчэ асабліва не выбілася ў мэйнстрым — палітычныя падзеі і жудасныя гісторыі кшталту гібелі 31-гадовага Рамана Бандарэнкі пераважваюць. Зрэшты, яшчэ не вечар. Аднак ужо можна зафіксаваць, што «карона» спрычынілася да смерці некалькіх прыкметных асоб. Літаральна на гэтым тыдні сышоў з жыцця 60-гадовы Васіль Швед — намеснік старшыні праўлення «Банка развіцця». Апарат ШВЛ не дапамог вядомаму бізнесоўцу і мецэнату Валерыю Шумскаму — яму таксама было 60. Яшчэ ў кастрычніку памёр 67-гадовы Барыс Лядэнка — былы галоўны архітэктар Віцебска.
Кожнаму твару па масцы
Вядома, што лякарні па ўсёй краіне паступова пераарыентоўваюць на кавід. Да некаторых прёмных пакояў утвараюцца цэлыя чэргі з машын хуткай дапамогі.
На мясцовым і нацыянальным узроўні праводзяцца спецыяльныя нарады з галоўным пытаннем: што рабіць з каронавірусам? Усё тое ж самае было і раней — скажаце вы. Усё ды не ўсё: толькі цяпер, падчас другой хвалі, у Беларусі скемілі, што патрэбны масачны рэжым.
На афіцыйнай мове рэспіраторная маска — гэта тыповы сродак індывідуальнай абароны. Медыкі лічаць, што гэткім чынам можна не прыпыніць, але хоць запаволіць распаўсюд смяротнага віруса. Здаецца, справа патрэбная, і вось ужо гарады і раёны ўкараняюць адпаведныя правілы і абавязкі.
Першым, яшчэ 5 лістапада, масачны рэжым укараніўся ў Магілеве. Потым пачалася ланцуговая рэакцыя, і аналагічныя меры сталі ўжываць на Гомельшчыне, у Бабруйску і Асіповічах, Клічаве і Крычаве, у Чаускім, Чэрыкаўскім і Полацкім раёнах, у Наваполацку… Далучыліся абласныя цэнтры — Гродна, Віцебск, Брэст (ад заўтрашняга дня). Іншыя раёны і гарады — Лідскі, Аршанскі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Мёрскі, Шумілінскі.
Яшчэ крыху — і з маскамі на тварах мусіць хадзіць уся Беларусь. Тым больш чарга ўжо дайшла і да Мінска, дзе аб адпаведным рэжыме абвесцілі ўчора.
Ад сёння і надалей маску трэба начэпліваць у любым грамадскім месцы, дзе назіраецца больш-менш масавае скопішча людзей. Гандлёвыя цэнтры, крамы, грамадскі транспарт (уключаючы маршруткі і нават таксі), кафэ і рэстараны, навучальныя ўстановы, не гаворачы пра паліклінікі, канцэрты і кінатэатры. Праўда, абмежавальныя гэтыя меры ўвялі настолькі паспешліва і тэрмінова, што дагэтуль няма яснасці на конт адказнасці за парушэнне масачнага рэжыму. Што будзе тым, хто не выконвае пастанаўленне гарвыканкаму? Штраф? Суткі? Невядома.
Зрэшты, няма яснасці — то няма і адказнасці. Учора вечарам дастаткова было завітаць у сталічны гандлёвы цэнтр «Галерэя» каб пераканацца: нічога асаблівага ў жыцці мінчан не змянілася. Наведвальнікі спакойна хадзілі па паверхах і крамах, і працэнт тых, хто абараняў дыхальныя органы рэспіраторнымі сродкамі, быў звычайна нізкім. І не падобна, што сітуацыя неяк зменіцца ў бліжэйшыя дні.
Шырма для перадзелу?
Увогуле стаўленне людзей да абаронных масак вельмі неадназначнае — і гаворка не толькі пра беларусаў. Знайдзіце пару хвілін і пагугліце — і вы хутка знойдзеце сведчанні не толькі пра дыскусіі па тэме, а і пра масавыя пратэсты. У розны час маніфестацыі супраць масачных новаўвядзенняў адбыліся ў Лондане (10 тысяч чалавек на Трафальгарскай плошчы), Варшаве, Брусэлі. Ці то людзі не вераць у такія «пячорныя» метады барацьбы супраць інфекцыі 21 стагодзя, ці то бачаць у гэтым нямогласць дзяржавы ў барацьбе з вірусам, ці нешта іншае — гэта тэма асабнай размовы.
Факт між тым застаецца фактам, а ў нашых шыротах ёсць яшчэ і цвёрдае прадчуванне: беларусы таксама не надта вітаюць гэтыя абмежаванні. Хай нават у краіне пакуль хапае на ўсіх апаратаў ШВЛ, а лякарні паступова запаўняюцца-перапрафілююцца, але ложка-месцаў дастаткова — і не трэба, як дзе-нідзе ў Расіі, месціцца на калідоры.
Недавер да ўлады ў нашым выпадку правакуюць у дадатак і паводзіны вышэйшых чыноўнікаў. Маскі маскамі, але той жа Аляксандр Лукашэнка нават на шматлюдных урадных нарадах паслядоўна абыходзіцца без «рэспіратара» — як, зразумела, і набліжаныя да яго чыноўнікі.
За справамі паспяваюць словы. «Гэта псіхоз, самы сапраўдны, ва ўсім свеце. Яшчэ раз падкрэсліваю тое, што казаў да выбараў: камусьці гэта выгадна. Цяпер мы ўжо бачым, каму… Свет цяпер пачалі перакройваць. І кавід — гэта не медыцынскі тэрмін. Гэта не толькі і не столькі хвароба. Гэта нават не эканоміка сёння. Гэта ўжо глабальная палітыка. Пачалі перакройваць свет. Успыхнулі ўсюды бунты. Але ці тое яшчэ будзе ў сувязі з наступствамі абвалу эканомікі,» — казаў кіраўнік дзяржавы на гэтым тыдні (цытата паводле БЕЛТА). А сёння яшчэ дадаў, что каронавірус — гэта «шырма для перадзелу свету».
На гэтым фоне прынцыпова па-іншаму паводзіць сябе Святлана Ціханоўская. Яна заўжды ў масцы, сустракаючыся з еўрапейскімі лідарамі і прадстаўнікамі міжнародных структур. А стаўленне да пандэміі фармулюе з агульначалавечых пазіцый і без аніякай канспіралогіі. На конт сродкаў індывідуальнай абароны выказваецца так: «Насіце маскі, якія закрываюць рот і нос. Маска абараняе навакольных, калі вы інфікаваныя. Плюс яна памяншае рызыку, што вы заразіцеся ад кагосьці іншага. Але маскі не замяняюць сабой меры сацыяльнага дыстанцыявання — не забывайце выконваць дыстанцыю, нават калі носіце маску».
І вось так паслухаеш-пачытаеш, параўнаеш-паразважаеш — ды й адчуеш дзіўны кагнітыўны дысананс. З дасціпным пытаннем: дык гэта ж чые — Лукашэнкі ці Ціханоўскай — парады выконваюць чыноўнікі мясцовага ўзроўню, калі ўводзяць татальны масачны рэжым і іншыя абмежаванні ў змаганні з эпідэміяй, якой агаломшаны ўвесь белы свет?
Зрэшты, тое пытанне — яно рытарычнае. У адрозненне ад другога: што чакае Беларусь у бліжэйшыя месяцы ў сувязі з каронавіруснай навалаччу?