У Беларусі выпусцілі першую ў свеце манету з вяртлявай чаротаўкай
Адна з самых рэдкіх птушак Беларусі, якая 22 гады таму стала сімвалам грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», упрыгожыла памятныя манеты.
Вяртлявая чаротаўка – від, якому пагражае глабальнае знікненне, і ў Беларусі гняздуецца больш за 40% яго сусветнай папуляцыі.
Цяпер нумізматы і аматары дзікай прыроды могуць набыць сабе ці на падарунак памятную манету “Заказнік “Званец” з рэльефнай выявай гэтай птушкі, якая корміць сваіх птушанят. Гэта ўжо сёмая манета з серыі “Заказнікі Беларусі”.
На рэверсе манеты выяўлена рэдкая архідэя – вянерын чаравічак. Яна, як і вяртлявая чаротаўка, - адметны від заказніка “Званец”.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:— Вялікае асаковае балота Званец на Брэстчыне - найважнейшае месца гнездавання гэтай чаротаўкі ў свеце. Тут на балотных выспах батанікі знайшлі і найвялікшыя зараснікі рэдкіх архідэй. Дзякуй беларускім банкірам, якія дапамагаюць прыродаахоўнікам расказваць пра выбітную беларускую прыроду. Гэта дапаможа яе захаваць.
Срэбная манета мае намінал 20 рублёў, масу 33,63 г, дыяметр 38,61 мм, пробу 925, якасць “пруф” і выпушчаная тыражом 999 штук.
Медна-нікелевая манета мае намінал 1 рубель, масу 13,16 г, дыяметр 32 мм, якасць “пруф-лайк” і выпушчаная тыражом 1999 штук.
Манеты адчаканілі на Рэспубліканскім дзяржаўным прадпрыемстве «Казахстанскі манетны двор НБ РК» у Усць-Каменнагорску, і толькі цяпер яны даехалі да Беларусі.
Інфармацыю пра цэны манет з вяртлявай чаротаўкай можна атрымаць на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка.
Паводле прэс-рэліза