У базе дармаедаў — паўмільёна чалавек

Паўмільёна дармаедаў — такую лічбу назвала міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

darmaediakcia__1_of_1__25_logo_1_logo_1_1.jpg


Пра тое, што каля 500 тысяч чалавек былі ўключаныя ў базу дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, Ірына Касцевіч заявіла ў праграме «Галоўны эфір» на «Беларусь 1».

«Каля 500 тысяч [чалавек] у гэтай базе. Больш дэталёвую інфармацыю ў разрэзе абласцей і рэгіёнаў мы атрымаем пазней», — сказала міністрка працы і сацыяльнай абароны.

Яна сказала, што інфармацыя пра дармаедаў пакуль будзе абнаўляцца штоквартальна, але плануецца перайсці на штомесячны рэжым. Ідэальна, канешне, лічыць Касціневіч, абнаўляць гэту базу ў рэальным часе. «Але гэта залежыць ад таго, як будзе працаваць інфармацыйны рэсурс», — патлумачыла міністрка.

Калі чалавек памылкова ўключаны ў базу, ён можа прыйсці ў камісію або адправіць ліст з дакументамі, якія пацвярджаюць занятасць. Інфармацыю разгледзяць, затым можна паўторна праверыць сваё знаходжанне ў базе, адзначыла міністр.


У нашай краіне з 1 снежня можна даведацца, каго ўключылі ў базу “дармаедаў” — працаздольных грамадзян, што не занятыя ў эканоміцы. У базу ўносяцца хатні адрас, дата і год нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар, рэгістрацыя па месцы жыхарства.

Цяпер на Адзіным партале электронных паслуг беларусы могуць анлайн праверыць, ці не ўключылі іх у базу дармаедаў.

Як жа даведацца, ці ты не ўключаны “выпадкова” ў базу “дармаедаў”? А зрабіць гэта не так і проста. Дзеля гэтага трэба або скарыстацца платнай паслугай — атрымаць электронны лічбавы подпіс. Або бясплатна ў службе «Адно акно» атрымаць спецыяльны ідэнтыфікацыйны пароль і лагін. Пасля гэтага на Адзіным партале электронных паслуг трэба зайсці ў асабісты кабінет — тут і выкарыстаецца электронны лічбавы подпіс альбо лагін і пароль — і выбраць паслугу «адказ на пытанне пра ўключэнне ў базу дадзеных».

Ірына Касціневіч падкрэсліла, што чалавек можа даведацца інфармацыю толькі пра сябе. Аднак доступ да базы будзе і ў чальцоў камісіі па каардынацыі працы ў садзейнічанні занятасці, а таксама ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У сярэдзіне лютага ўсе, каго палічылі дармаедамі, пабачаць у сваіх жыроўках новыя лічбы — падагрэў вады на іх будзе разлічваецца па поўным кошце.