5 парадаў «дармаедам» ад юрыста
Алег Волчак тлумачыць, што рабіць, калі вы патрапілі ў базу не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян.
Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак тлумачыць, што рабіць, калі вы патрапілі ў базу не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян.
Па словах эксперта, праваабаронцы рыхтуюць памятку «дармаедаў». Да яе публікацыі разбіраем па паліцах, як дзейнічаць, калі вы апынуліся сярод пяцісот тысяч беларусаў-«утрыманцаў», па версіі ўладаў.
Такім чынам, вы даведаліся, што знаходзіцеся ў базе «дармаедаў».
Крок першы. Разабрацца, хто і чаму ўнёс вас у базу
Спачатку трэба разабрацца, на якой падставе ты апынуўся ў гэтым спісе, раіць Алег Волчак. Для гэтага пішыце скаргу на імя старшыні выканкама: высвятляйце па пунктах: першае — якія структуры ўнеслі ў спіс; другое — што з'явілася падставай для ўнясення ў базу дармаедаў, якімі крытэрамі кіраваўся дзяржаўны орган або службовая асоба.
— Чаму гэта важна? Таму што няма дакладных крытэрыяў не занятага ў эканоміцы працаздольнага насельніцтва, як няма юрыдычнага тэрміна «вядуць асацыяльны лад жыцця».
Крок другі. Абскардзіць рашэнне органа праз суд
— Грамадзянскі Кодэкс і Канстытуцыя дазваляюць абскардзіць дзеянні службовага органа або асобы ў судзе. Вы можаце падаць запыт аб зняцці з базы дадзеных, тым больш што гэта можа закрануць выезд за мяжу.
Дадзеная база незаконная. Па-першае, гэта распаўсюд асабістых дадзеных пра чалавека. Да яе будуць мець доступ розныя людзі — з чыноўнікаў. Можа быць уцечка з базы.
Крок трэці. Стаць на ўлік у цэнтр занятасці
Крок чацвёрты. Адмовіцца ад працы з заробкам, ніжэйшым за сярэдні па краіне
Алег Волчак падкрэслівае, што чалавек не абавязаны з'яўляцца на пасяджэнне камісіі па працаўладкаванні.
— Але ёсць іншы ход. Напрыклад, ты токар з Магілёва, і табе прапануюць заробак 200 рублёў, ты можаш адмовіцца ад працы і заявіць, што згодны працаўладкавацца пры ўмове сярэдняй зарплаты не менш за сярэднюю па краіне (каля тысячы рублёў). Па такім жа сцэнары дзейнічаем у службе занятасці.
Крок пяты. Аспрэчыць рашэнне камісіі па працаўладкаванні
— Не выключана, што з сярэдзіны снежня пачнуць людзей выклікаць на камісіі. Рашэнне камісіі таксама можна абскардзіць — як праз мясцовыя органы ўлады, так і праз суд.
Галоўнае, пазначыць у скарзе, што вас прымушаюць працаваць (не па сваёй спецыяльнасці або з мінімальнай зарплатай). Гэта прымусовая праца.
А можа, зарэгістравацца рамеснікам?
Суразмоўца «Салідарнасці» звяртае ўвагу на тое, што ў выпадку, калі да канца 2018 года аформяць і заплаціш падатак, то ў базу «дармаедаў» не патрапіш. Калі зрабіць гэта ў студзені 2019-га, то толькі па выніках наступнага года гэта будзе мець значэнне.
— Атрымліваецца, дзяржава стварае бачнасць працаўладкавання. Насамрэч зразумела, што рамеснікі лічацца фармальна.
Яшчэ адзін варыянт не патрапіць у «дармаеды» — афармленне аграсядзібы — таксама выкарыстоўваюць беларусы, у якіх ёсць домік у вёсцы.
Некаторыя здаюць жыллё ў арэнду па дамове — у такім выпадку трэба да сакавіка падаць дэкларацыю аб даходах.
Тыя, хто працуе па дамове падраду, таксама не падпадаюць пад дзеянне Дэкрэта №1, але колькі трэба дагавораў у год і на якую суму — пра гэта ў дакуменце не гаворыцца.
Праблемы могуць паўстаць у беларусаў, якія жывуць за мяжой. Не прапісаны пакет дакументаў, як даказаць, што ты не жывеш у Беларусі.
На думку юрыста, людзі пачнуць звяртацца ў лютым, калі атрымаюць «жыроўкі», дзе «дармаедаў» выставяць павышаныя рахункі за ацяпленне.
— Думаю, кожная другая сям'я сутыкнецца з неаплатай камуналкі. Мы нядаўна ездзілі па рэгіёнах. Людзі з'язджаюць на заробкі. Хто застаўся, выжывае на пенсію бацькоў. Некаторыя з-за галечы збіраюць смецце — паперу, пластык, шкло, метал, здаюць яго і за кошт гэтага жывуць. І гэта не бамжы.
Няма дакладнага механізму, як рэалізоўваць дэкрэт аб «дармаедаў», тлумачыць Алег Волчак.
— Улада скінула яго выкананне на мясцовыя ўлады — як хочаце, так выкарасквайцеся. Калі людзі актыўна пачнуць пісаць скаргі, узнікнуць праблемы у дзяржорганаў, як гэта было два гады таму з падаткавікамі, якіх закідалі зваротамі людзі, якія атрымалі «лісты шчасця».