У Бабруйску адбыўся «антыпарад»
У Бабруйску сёння паспрабавалі правесці так званы антыпарад пратэсту, на які з'ехаліся аўтамабілісты з розных гарадоў. Але з-за нязладжаных дзеянняў удзельнікаў і жадання дарожнікаў і ДАІ папрацаваць у выхадны дзень, 9 траўня, акцыя атрымалася разрозненай. «Антыпарад» каля тыдня таму анансаваў блогер Сяргей Ціханоўскі, якога 6 траўня затрымалі пад Магілёвам. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання горада Гомеля, дзе адбывае зараз 15 сутак адміністратыўнага арышту.
Акцыя сабрала аўтааматараў з Мінска, Магілёва, Мазыра, Гомеля, Асіповічаў, Слуцка, Рагачова. Дакладная колькасць удзельнікаў «антыпарада пратэсту» невядомая, бо да апошняга моманту яны не маглі вызначыцца, дзе пройдзе мерапрыемства. У выніку частка людзей накіравалася да гандлёвага цэнтра «Карона» на вуліцы 50 гадоў ВЛКСМ, частка праехала па вуліцы Інтэрнацыянальнай і прыпаркавалася каля крамы «Перекресток».
Удзельнікі «антыпарада пратэсту» не выкарыстоўвалі сімволіку, не высоўвалі ніякіх лозунгаў і патрабаванняў. Каля поўдня ў двух розных частках горада яны каля хвіліны падавалі сігналы клаксонаў, затым раз'ехаліся. Прыкладна 20 чалавек яшчэ каля гадзіны размаўлялі адзін з адным каля ГЦ «Карона». На пытанне, чаму яны вырашылі падтрымаць «антыпарад пратэсту», мужчыны адказалі, што стаміліся ад бяспраўя.
- Вось скажыце, чаму парад Перамогі ў нас можна праводзіць, а шэсьці «Бяссмертнага палка» забаранілі? Меркаванне простых людзей нікога не хвалюе, і так ва ўсім! Ціханоўскі паспрабаваў яго агучыць, атрымаў 15 сутак.
- І ў чым сутнасць акцыі? Вось так сабрацца каля гандлёвага цэнтра, пастаяць, паразмаўляць?
- А што нам яшчэ застаецца? Паглядзіце, сёння ўвесь горад перакрыты!
У выніку не менш за 15 аўтамабіляў пад гукі клаксонаў праехалі па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Пазней у сетку трапіла відэа з затрыманнем Дзмітрыя Цімафеева, аднаго з удзельнікаў «антыпарада пратэсту» на вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Вуліца Мінская, дзе ўдзельнікі акцыі з самага пачатку планавалі прыпаркавацца і дружна пасігналіць у знак пратэсту, раніцай 9 траўня апынулася перакрытая з-за дарожных работ. Адразу на некалькіх участках галоўнай гарадской магістралі рабочыя прыступілі да нанясення разметкі. Праезд па Мінскай быў адкрыты толькі для грамадскага транспарту. Уздоўж вуліцы прыпаркаваліся аўтамабілі ДАІ, у тым ліку якія прыбылі з Клічава.
Відавочцы распавялі TUT.BY, што патрульныя машыны былі заўважаныя на ўездзе ў Бабруйск з боку Сычкава і пасёлка Цітаўка. Таксама ў сетцы з'явіліся відэа з выбарачным спуненнем аўтамабіляў і праверкай дакументаў у розных частках горада.
Цяпер вядома як мінімум пра чатырох затрыманых, сярод якіх — трое актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі і РЭП Галіна Смірнова, Уладзімір Раманоўскі і Аляксандр Барысенка. У тэлефоннай размове Галіна Смірнова паведаміла, што не мае да «антыпараду пратэсту» ніякага дачынення.
— У скверы на вуліцы Мінскай мы раздавалі газеты прафсаюза. Цяпер знаходзімся ў будынку АДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама на вуліцы Савецкай, дзе складаецца пратакол апытання. Ніякіх абвінавачванняў у наш адрас пакуль ніхто не выстаўляе.
Нагадаем, блогера Сяргея Ціханоўскага 6 траўня затрымалі пад Магілёвам. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання горада Гомеля, дзе адбывае зараз 15 сутак адміністратыўнага арышту. Знаходзячыся ў ІЧУ, ён пацвердзіў, што мае намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.
tut.by, Святлана Галоўкіна