Творы лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага перакладзены на восем моў

Праект міжнароднай падтрымкі #FreeAllWords пераклаў творы беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага на восем моў.

ales_bjaljacki_2.jpeg


У кастрычніку 2022 года Нобелеўскі камітэт у Осла прысудзіў Нобелеўскую прэмію міру беларускаму праваабаронцу і філосафу Алесю Бяляцкаму, Украінскаму цэнтру грамадзянскіх свабод і расійскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял».
Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі ўжо другі раз знаходзіцца за кратамі. Яго абвінавачваюць у кантрабандзе, а таксама ў фінансаванні акцый пратэсту. Падчас дэмакратычных пратэстаў, якія пачаліся пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, «Вясна» актыўна абараняла права на свабоду сходаў, правы палітвязняў і старанна дакументавала тысячы і тысячы парушэнняў правоў чалавека.
«Карычневы сшытак» і «Мары» перакладзены на англійскую, венгерскую, літоўскую, фінскую, французскую, іспанскую і дацкую мовы.
Бяляцкі яскрава апісвае свае ўражанні падчас свайго першага знаходжання ў зняволенні з 2011 па 2014 год. Нямецкі пераклад Лідзіі Нагель (Lydia Nagel) будзе апублікаваны перад Калядамі. Англійскі пераклад Джыма Дзінглі (Jim Dingley) даступны на сайце freeallwords.org.
«У Беларусі дыктатар на працягу многіх гадоў здзекуецца з уласнага народа, ужываючы тэрор і гвалт, — кажа старшыня Рады еўрапейскіх пісьменнікаў Ніна Джордж (Nina George). — Урыўкі з дзённіка Алеся Бяляцкага сведчаць пра страх, гнеў, надзею і боль; яны кажуць нам пра тое, што нельга заплюшчваць вочы на такія рэчы, нельга забываць пра людзей і культуру, якіх пераследуюць у Беларусі».
Цяпер у фондзе перакладных тэкстаў зарэгістраваны болей за 25 перакладчыкаў з 11 краін з досведам перакладу з украінскай, беларускай і рускай моў. За час існавання праекта на дзевяць моў (дацкую, нямецкую, англійскую, фінскую, французскую, літоўскую, румынскую, іспанскую і венгерскую) перакладзены творы трынаццаці аўтараў з Беларусі і Украіны, творы яшчэ чатырнаццаці беларускіх і ўкраінскіх аўтараў на гэты момант перакладаюцца на еўрапейскія мовы.
Усе аўтары, перакладчыкі і тэксты прадстаўлены на сайце #FreeAllWords https://freeallwords.org/. Медыя і літаратурныя ўстановы, а таксама пісьменніцкія і перакладчыцкія аб'яднанні могуць свабодна выкарыстоўваць гэтыя тэксты і інфармацыйныя даведкі, каб прыцягваць увагу шырокай публікі да сітуацыі, у якой апынуліся пісьменнікі ва Украіне і Беларусі.


Пра #FreeAllWords
Фонд перакладных тэкстаў #FreeAllWords з'яўляецца сумесным праектам падтрымкі беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў усіх жанраў і арганізаваны пад эгідай Еўрапейскай пісьменніцкай рады (EWC). Ініцыятарамі #FreeAllWords выступілі аўтарскія аб'яднанні «A*dS» («Аўтары Швейцарыі»), «Forfatterforbundet» (Нарвегія) і «Задзіночанне беларускіх пісьменнікаў» (Беларусь).
У рамках #FreeAllWords кароткія, актуальныя, існуючыя і арыгінальныя тэксты, інтэрв'ю, рэпартажы, эсэ, вершы і іншыя літаратурныя формы перакладаюцца на еўрапейскія і сусветныя мовы і распаўсюджваюцца праз цэлы шэраг каналаў сувязі — лічбавыя, друкаваныя, блогі, СМІ і г. д.
Партнёрамі праекта з’яўляюцца: Fritt Ord, Kopinor (абодва з Нарвегіі), Landis&Gyr, Karl und Sophie Bindung Stiftung (абодва са Швейцарыі), Саюз ірландскіх пісьменнікаў, Таварыства шведскіх аўтараў у Фінляндыі, Саюз пісьменнікаў Літвы і Саюз пісьменнікаў Швецыі.
Мэта палягае ў тым, каб апублікаваць адзін мільён слоў у падтрымку міру і свабоды выказвання меркаванняў для паразумення паміж культурамі і народамі, а таксама каб пераканаць людзей у перавагах існавання ў свабодным, дэмакратычным, мірным і інклюзіўным грамадстве.
Аб’яднанні пісьменнікаў у еўрапейскім кніжным сектары і літаратурныя ўстановы могуць выкарыстоўваць тэксты і такім чынам набліжаць аўтараў да грамадскасці. Еўрапейскія прэса і СМІ таксама могуць зарэгістравацца для атрымання тэкстаў і перакладаў. Да ўдзелу запрашаюцца аўтары з Украіны і Беларусі. Вэб-сайт праекта #FreeAllWords: www.freeallwords.org.
 Паводле прэс-рэліза