Зяленскі павіншаваў украінскіх лаўрэатаў Нобеля, не ўзгадаўшы Бяляцкага і «Мемарыял»

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ва ўчорашнім звароце павіншаваў з атрыманнем Нобелеўскай прэміі міру ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод. Іншых лаўрэатаў — беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага і расійскі «Мемарыял» — ён аніяк не ўзгадаў.

e720819_5daa7a5_80b3dcf9c20bd735ca73bc26fc35bb20_1651784954_extra_large.jpg

«У нарвежскай сталіцы, у Осла, прайшла штогадовая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе на цырымоніі ўпершыню прагучала мова Украіны, наша ўкраінская мова — дзякуючы Цэнтру грамадзянскіх свабод і яго кіраўніцы спадарыні Матвійчук, якія сталі лаўрэатамі прэміі міру. Я віншую Аляксандру, яе калег і ўсіх украінскіх праваабаронцаў з такім прызнаннем», — сказаў Зяленскі.

Беларускі гісторык Аляксандр Фрыдман зрабіў на гэты конт допіс у сваім тэлеграм-канале, адзначыўшы, што «гэты крок Зяленскага яшчэ раз паказвае, што ён (як прэзідэнт краіны, супраць якой Расія развязала вайну і выкарыстоўвае ў гэтай вайне Беларусь) не схільны падзяляць рэжымы і грамадзян».

«Гэта, на жаль, звычайная пазіцыя для эпохі крывавай вайны, але несправядлівая для немалой колькасці беларусаў і тых расійцаў, якія стаяць сёння на баку Украіны», — напісаў Фрыдман.