Тры месяцы пасля абрушэння гімназіі ў Крычаве: «Нашы дзеці гаруюць па сваёй гімназіі»

У райцэнтры Крычаў, што на Магілёўшчыне, пачалі дэмантаваць частку будынка мясцовай гімназіі, якая напярэдадні сёлетняга навучальнага году абрынуліся. У аварыі ніхто не пацярпеў. Гімназістаў размеркавалі па іншых школах райцэнтру. 



8a1808f7_2ab8_4e6a_96bc_b7fbf5125665_mw1024_s_n.jpg

Тры з паловай месяцы вядзецца высвятленне прычынаў абрушэння. Заяўляецца, што неўзабаве будуць агучаныя вынікі расследаваньня. Тым часам чыноўнікі запэўніваюць, што ў райцэнтры ўзвядуць новую школу.

Цяпер ад цэнтральнай часткі будынка, у якой размяшчалася сталоўка і спартовая зала гімназіі, застаўся толькі друз. Яго вывозяць з тэрыторыі навучальнай установы. Пагутарыць з персаналам, які застаўся працаваць у гімназіі пасля абрушэння, не ўдалося. З'яўленне журналіста ў пашкоджаным будынку выклікала перапалох. Яму тут жа загадалі пакінуць двор гімназіі на той падставе, што ўваходзіць на яго забаронена.

Тым часам, што будзе з яе будынкам, невядома. Днямі на сходзе з бацькамі вучняў старшыня райвыканкаму Васіль Сысоеў сказаў, што ў Крычаве збіраюцца будаваць новую школу на тысячу чалавек. Калі пачнуць яе ўзводзіць, невядома. Праектна-каштарыстная дакументацыя нібыта будзе падрыхтавана да красавіка. Будаваць навучальную ўстанову збіраюцца за 15 месяцаў.

gdb.rferl.org__0f86c0de_3cbe_4_add328c33660de312170b3ee22728e37.jpeg

Там, дзе былі сталоўка і спартовая зала, застаўся толькі друз

Увесь наступны год нам давядзецца зноў ездзіць па школах, зрабіла выснову бабуля адной з гімназістак. Жанчына прысутнічала на сустрэчы з чыноўнікам.

«На сходзе бацькі вялі сябе спакойна. Ужо нараканняў асаблівых не было. Ужо гімназія завалілася — вучыцца нам няма дзе. Нам хоць бы куды папасці. Сядзелі мы, маўчалі, бо калі тая школа будзе. А вось калі былі першыя сходы, дык дужа шмат крыку было, ледзьве вайна не пачалася. Былі цяпер такія выказванні з залы, што вы ўжо будуйце школу 15 месяцаў ці 20 месяцаў, але, каб яна, Божа ўратуй, больш не абрушылася. Дзеці ж гаруюць па гімназіі. Яны ж разумеюць, што сваё ёсць сваё, а чужое ёсць чужым».

Гімназістаў на школьных аўтобусах развозяць па чатырох навучальных установах, якія ў розных канцах райцэнтру. Малодшыя класы вучацца ў дзіцячых садках. Бацькі наракаюць, што школы перапоўненыя. У некаторых класах па трыццаць і болей дзяцей. Збіраюць дзятву ля ўваходу ў іх разбураную гімназію. Без яе сумуем, кажуць вучні. Дзеці спадзяюцца, што некалі ўсё ж вернуцца ў сваю гімназію.

gdb.rferl.org__c9f5bb2a_121e_4_ec6806faea2439cb37aeeb1a991b3110.jpeg

Замест дзятвы на тэрыторыі гімназіі гаспадараць будаўнікі і іхная тэхніка

Сцяна і столь гімназіі абрынуліся 29 жніўня. Яе будынак узвялі ў 1979 годзе. Да навучальнага году гімназія была падрыхтаваная. Мела гэтак званы пашпарт гатоўнасці. Што сталася прычынай абрушэння, невядома. Як кажуць бацькі, на сустрэчы з імі Васіль Сысоеў казаў, што вынікі экспертызы будуць гатовыя неўзабаве і што пракуратура дала дазвол на разбор будынка.

Тэма абрушэння гімназіі пасля прамінулых трох з паловай месяцаў застаецца актуальнай для жыхароў Крычава. Многія адзначаюць, што шок ад здарэння неяк перажылі. Найбольш эмацыйна, разам з тым, на пытанні пра гімназію рэагуюць бацькі, чые дзеці вучыліся ў ёй.

«Шок тады быў — гэта сапраўды. Напярэдадні такога школьнага дня — гэта нешта неверагоднае. Трэба хутчэй новую школу будаваць, бо ў гэтым мікрараёне школа патрэбная. А вось што цяпер з дзецьмі рабіць, не ведаю. Вядома ж, дзецям цяжка. Яшчэ старэйшыя класы неяк трываюць, а вось малодшым цяжка. Іх ганяюць па школах», — даводзіць бабуля яшчэ адной гімназісткі.

gdb.rferl.org__3d2306d0_1a72_4_38179d5021e4848201b65f637090bdfd.jpeg

Жоўты школьны аўтобус доўга яшчэ будзе курсаваць па крычаўсім мікрараёне

Яна згаджаецца з меркаванням, што замала інфармацыі пра хаду расследаваньня аварыі. Тэрыторыю гімназіі часта наведваюць розныя дэлегацыі, кажа яна, але што ад іх толку. Крычаўцы ад часу аварыі зрабілі свае высновы пра прычыны абрушэння:

«Паводле тых, хто працаваў у гімназіі, сцены ў ёй былі слабаватыя. Нават дзіркі былі ў сценах. З іх дзьмула дужа. Адвернеш шпалеры, а там дзіркі, і не ведалі, чым заткнуць».

Таго ж меркавання трымаецца і малады жыхар Крычава:

«Тыя, хто мяняў вокны ў гімназіі, казалі, што ў цэментнай рошчыне зусім не было цэменту, толькі пясок. Дый будынак сам па сабе стары».

gdb.rferl.org__5aef255f_5dd5_4_efda06ed419b14ac7110d03b7b421bf4.jpeg

Гімназісты чакаюць свайго транспарту каля гімназіі

Усе, з кім давялося пагутарыць, салідарна згаджаліся з адной думкай — што бяда магла быць большай:

«Слава Богу, што дзяцей не было тады ў гімназіі, бяда б была тады наагул непапраўная. Нехта рукой яе адвёў», — выказваецца спадарыня сталага веку.

Па факце абрушэння гімназіі следчым камітэтам распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «Службовая халатнасць». Навучальная ўстанова прызнаная цалкам аварыйнай. У ёй вучыліся 547 гімназістаў.

 

www.svaboda.org