Тры гады калоніі і 13 тысяч кампенсацыі: у Мінску вынесены прысуд па справе за пагрозы службовым асобам
Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд 22-гадоваму Аляксандру Іванову. Яго пакаралі трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — такое пакаранне прасіў пракурор Васіль Марчук.
Аляксандр Іваноў пакараны абмежаваннем волі па ўсіх трох артыкулах, за якія яго асудзілі, але шляхам частковага складання пакаранняў абвінавачаны атрымаў рэальны тэрмін. Яго прызналі вінаватым і асудзілі на два с паловай гады абмежавання волі паводле арт. 14 Крымінальнага кодэкса, тры гады абмежавання волі — паводле арт. 391 Крымінальнага кодэкса, два гады абмежавання волі — паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Таксама Аляксандр Іваноў мусіць выплаціць двум пацярпелым па 1500 рублёў кампенсацыі, пяці пацярпелым — па 2000 рублёў. Таксама суд спагнаў з яго дзяржпошліну 696 рублёў.
Аляксандра Іванова абвінавацілі ў дзесяці эпізодах: паводле версіі абвінавачвання, ён двойчы пагражаў па тэлефоне і ў паведамленнях суддзям Малашэнка і Ліннік, а таксама восем разоў пагражаў гвалтам — супрацоўнікам міліцыі. Паводле версіі абвінавачання, віна пацвярджаецца сведчаннямі пацярпелых, матэрыяламі з тэлефона.
Хлопец цалкам прызнаў сваю віну і даваў прызнальныя сведчанні. Пракурор яўку з павіннай папрасіў не прызнаваць праз тое, што яна была напісаная пасля ўстанаўлення фактаў яго злачынства.
У апошнім слове абвінавачаны прасіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, каб ён меў магчымасць працаваць і плаціць кампенсацыю. Таксама ён папрасіў прабачэння.