ТОП-7 жартаў беларускіх сайтаў на 1 красавіка

Лукашэнка ў Instagram, тунэль пад Беларуссю, крыж на Эйфелевай вежы і іншае. Радыё Свабода зрабіла агляд найбольш цікавых жартаў беларускіх СМІ з нагоды 1 красавіка.



fbf1770b_65ee_4c23_b3e4_a56123a013dd_w640_r1_s_cx27_cy4_cw74.jpg

Краты дазволу не пытаюць

Партал Naviny.by распавёў сваім чытачам, што пад тэрыторыяй Беларусі ідзе будаўніцтва тунэлю, які злучыць Смаленск і Калінінград і дазволіць расейцам наведваць Калінінградскую вобласць без афармлення транзітнай літоўскай візы. Прычым з Літвой і Беларуссю будаўніцтва тунэлю не ўзгаднялася, бо, як сказаў галоўны інжынер праекту, раз «краты ні ў кога дазволу не пытаюцца, то і нам не трэба».

Не больш трох у адны рукі

«Комсомольская правда в Беларуси» піша, што паводле ўказу Міністэрства аховы здароўя, купіць прэзерватывы ў Беларусі цяпер можна будзе толькі ў аптэках і толькі па рэцэпце. Прычым — не больш за тры пачкі ў адны рукі.

Замарожаны бярозавік

Дзяржаўнае агентцва БЕЛТА распавяло, што бліжэйшым часам будзе выпушчана пробная партыя замарожанага бярозавага соку, а таксама партыя газаванага бярозавага соку.

Посты ад Лукашэнкі

Сайт газеты «Наша Ніва» паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка ўжо месяц вядзе акаунт у Instagram і актыўна посціць фатаздымкі. Здымкі з сацыяльнай сеткі дадаюцца.

Крыж на Эйфелевай вежы

Каталіцкі партал catholic.by паведаміў, што мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з'ездзіў у Парыж, дзе ўдзельнічаў ва ўсталяванні і асвячэнні крыжа на Эйфелевай вежы. Каталіцкі рэсурс таксама выклаў фотаздымак Эйфелевай вежы з крыжам наверсе і партрэт мітрапаліта ў касцы.

Абліванне кефірам

Сайт Onliner.by піша, што ў Расіі стартаваў флэшмоб Ice Kefir Challenge, у рамках якога расейскія зоркі абліваюцца кефірам.

Сціплы жарт ад TUT.by

Інтэрнэт-партал TUT.by, у сваю чаргу, здзівіў чытачоў тым, што перакуліў дагары нагамі эмблему парталу.

www.svaboda.org

·