Брэст: незалежная журналістка збіраецца звярнуцца ў Канстытуцыйны суд
Такім чынам, Іна Хоміч, якую днямі аштрафавалі на 30 базавых велічынь (5,4 мільёна рублёў) за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі, хоча прыцягнуць увагу да таго, што ў Беларусі абмяжоўваецца права грамадзян збіраць інфармацыю, хаця гэта гарантуецца Канстытуцыяй.
Паводле словаў Іны Хоміч, яна не збіраецца абскарджваць рашэнне суда першай інстанцыі, як гэта робяць іншыя калегі. “Мне падаецца гэта бессэнсоўным, бо наўрад ці такая спроба будзе плённай і проста шкада марнавання часу, — кажа журналістка. — Але я не лічу сябе вінаватай, бо з’яўляюся законапаслухмянай і раблю тое, што дазваляецца Канстытуцыяй. Таму хачу звярнуцца ў Канстытуцыйны суд: ведаю, што там не абавязаны разглядаць звароты грамадзян і робяць гэта толькі “па жаданні”, але мне падаецца, што цяперашняя хваля судовых працэсаў у адносінах да журналістаў-фрылансераў у Беларусі дае падставы для гэтага”.
Думкі пра тое, каб звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, з’явіліся ў Іны Хоміч пасля таго, як суддзя Маскоўскага раёна г.Брэста Раіса Лабачэўская пры разглядзе справы журналісткі не палічыла слушнымі яе аргументы, што Канстытуцыя дазваляе грамадзянам Рэспублікі Беларусь збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. “У адказ на гэтыя мае словы, суддзя паведаміла, што ёсць закон аб СМІ і хочацца—ня хочацца, а яго трэба выконваць. Атрымліваецца, што закон аб СМІ ў нас шануецца больш, чым Канстытуцыя краіны”, — распавяла Іна Хоміч.
Дарэчы, з пратаколам аб нібыта здзейсненым адміністрацыйным правапарушэнні незалежную журналістку папярэдне так і не азнаёмілі, а на судовае паседжанне выклікалі не позвай, а праз тэлефон.