Крычаўская міліцыя не знайшла парушэнняў у дзейнасці начальніка ідэалагічнага аддзела
Выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў (на фота) атрымаў адказ на сваю заяву ў пракуратуру Крычаўскага раёна аб фактах супрацьпраўных дзеянняў начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай з Клімавіцкага РАУС.
Начальнік Клімавіцкага РАУС С. Чупрын паведаміў Уладзіміру Кудраўцаву, што факты здзяйснення крадзяжоў і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі з боку Марыны Максімавай свайго пацвярджэння не знайшлі, і ў сувязі з гэтым прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Супрацоўнікі Крычаўскай міліцыі ажыццяўлялі праверку па заяве Уладзіміра Кудраўцава больш за чатыры месяцы, прычым напачатку спрабавалі ціснуць на самога Уладзіміра Віктаравіча, пагражаючы ўзбудзіць крымінальную справу нібыта за паклёп у адносінах начальніка ідэалагічнага аддзела.
У пастанове аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы старэйшы лейтэнант міліцыі А. Дзямешка напісаў пра тое, што выяўлены злоўжыванні з боку адной з былых падначаленых Марыны Максімавай, адносна гэтых фактаў супрацоўнікамі міліцыі будзе праведзена дадатковая праверка.
Журналісты газеты “Вольны горад” кажуць пра тое, што яны не могуць пагадзіцца з высновамі міліцэйскай праверкі. Яны лічаць, што супрацоўнікі Крычаўскага РАУС аднесліся да яе правядзення чыста фармальна, не разгледзеўшы дакладна выкладзеныя ў заяве Уладзіміра Кудраўцава факты парушэнняў. Таму Уладзімір Кудраўцаў адзначае, што ён не можа пагадзіцца з адказам крычаўскіх міліцыянераў і будзе абавязкова абскарджваць вынесенае імі рашэнне ў вышэйстаячых інстанцыях.
Заява ў пракуратуру Крычаўскага раёна была накіраваная выдаўцом газеты “Вольны горад” яшчэ ў лістападзе 2014 года падчас судовага супрацьстаяння паміж журналістамі газеты і начальнікам ідэалагічнага аддзелы Крычаўскага райвыканкама Марынай Максімавай. У сваёй заяве Уладзімір Кудраўцаў давёў да пракурора інфармацыю пра тое, што мерапрыемствы ў вёсках і справаздачы аб іх правядзенні аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі пішуцца фармальна, рэальныя конкурсы і канцэрты праводзяцца вельмі рэдка. Выдавец “Вольнага горада” са спасылкай на чытача выдання сцвярджаў, што платныя паслугі насельніцтву фактычна “робяць” работнікі клубаў і бібліятэк, здаючы для гэтага грошы са сваіх заробкаў. Рабіць гэта іх прымушаюць дырэктары ўстаноў, пры гэтым Марына Максімава такія факты не перарывае, а заплюшчвае на іх вочы. Таксама ў заяве Уладзімір Кудраўцаў прывёў факты злоўжыванняў службовым становішчам, якія быццам бы здзяйсняла Марына Максімава.
Заява Уладзіміра Кудраўцава была перанакіраваная пракурорам Крычаўскага раёна для далейшага разгляду і правядзення адпаведнай праверкі ў Крычаўскі РАУС. Аднак старэйшы оперупаўнаважаны АБЭЗ РАУС Аляксандр Дзямешка, якому было даручана правядзенні праверкі, замест гэтага спрабаваў пагражаць Уладзіміру Кудраўцаву ўзбуджэннем крымінальнай справы нібыта за паклёп на адрас Марыны Максімавай. Праверку сталі праводзіць толькі пасля паўторнай заявы Уладзіміра Кудраўцава ў пракуратуру Крычаўскага раёна ў снежні 2014 года з просьбай прыняць меры пракурорскага рэагавання з мэтай правядзення аб’ектыўнай і неперадузятай праверкі АБЭЗ РАУС па яго заяве, а таксама з просьбай абараніць яго ад намёкаў і пагроз з боку Аляксандра Дзямешкі.
Нагадаем, што начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марына Максімава верасні 2014 года падала пазоў у суд Крычаўскага раёна, у якім прасіла суд абавязаць друкаванае выданне “Вольны горад” абвергнуць звесткі, якія ганьбяць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а менавіта тое, што яна ў ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах, шляхам друку абвяргаючага артыкула. Таксама начальнік ідэалагічнага аддзела прасіла спагнаць з адказчыкаў нанесеныя ёй маральныя страты ў памеры 10 000 000 рублёў і дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў, якую яна аплаціла. Марына Максімава сцвярджала, што публікацыя “Не ў сваім крэсле?” прынесла ёй маральныя пакуты, яна схуднела на чатыры кілаграмы, вымушана была звяртацца ў бальніцу і прымаць лекі, бо ў яе падвысіўся ціск. Пазней ва ўдакладненых патрабаваннях Марына Максімава зняла патрабаванне друку абвяржэння ў газеце “Вольны горад”, засяродзіўшыся толькі на спагнанні грошай з газеты “Вольны горад” і яе журналістаў.
Суддзя суда Крычаўскага раёна Алена Азаранка 8 снежня 2014 г. вынесла рашэнне спагнаць з журналістаў газеты “Вольны горад” — яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія кампенсацыю за нанесеныя Марыне Максімавай маральныя страты ў памеры 7 000 000 рублёў, аплачанай ёй дзяржпошліны ў памеры 450 000 рублёў і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 3 600 000 рублёў.