Топ-менеджар «PandaDoc» Віктар Куўшынаў сустрэўся з сынам пасля года ў СІЗА (відэа)
Продакт-менеджар кампаніі, вызвалены з СІЗА 10 дзён таму, пакінуў Беларусь і нарэшце змог сустрэцца з сям'ёй. Кранальнае відэа сустрэчы бацькі з маленькім сынам Радзівонам апублікавала жонка Віктара — Аляксандра Дзікан.
Сям'я цяпер знаходзіцца ў Турцыі. Аляксандра з трохгадовым
сынам вымушана з'ехала з Беларусі яшчэ восенню і з таго часу жыла ў Кіеве.
Віктар Куўшынаў быў вызвалены з СІЗА 20 жніўня. Учора
Генпракуратура афіцыйна праінфармавала аб закрыцці яго крымінальнай справы.
Віктар правёў у СІЗА амаль год. Яго і яшчэ трох супрацоўнікаў «PandaDoc» затрымалі 2 верасня 2020 года. Ім прад'явілі абвінавачанне па ч. 4 арт. 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры», нагадвае reform.by.
Сцвярджалася, што яны
нібыта завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры каля 107 тысяч беларускіх рублёў
з бюджэту праз вяртанне ПДВ, прычыніўшы тым самым шкоду дзяржаве. У дадатак да
гэтага на дзяржтэлебачанні «PandaDoc» абвінавачвалі ў фінансаванні пратэстаў.
Куўшынаў апошнім з супрацоўнікаў «PandaDoc» заставаўся пад вартай. Адзін з затрыманых, дырэктар мінскага офіса кампаніі Дзмітрый Рабцэвіч, быў вызвалены пад падпіску на наступны дзень пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. 13 кастрычніка былі вызваленыя з-пад варты галоўная бухгалтарка Юлія Шардыка і HR Уладзіслаў Міхалап.