«Такі ў горадзе малююць на шчытах». Мінчанку аштрафавалі на 2320 рублёў за белыя фіранкі чырвоным арнаментам
Мінчанка Юлія жыве ў шматпавярхоўцы на вуліцы Веры Харужай. На яе акне доўгі час віселі белыя фіранкі з чырвоным арнаментам. Супрацоўнікі міліцыі папрасілі гаспадыню даць тлумачэнні ў РУУС з гэтай нагоды. У выніку жанчына ноч правяла на Акрэсціна, а раніцай яе асудзілі за пікетаванне на 80 базавых, паведамляе TUT.BY.
На балконе 14-га паверха ў Юліі віселі белыя фіранкі з
беларускім арнаментам. У нядзелю, 2 траўня, раніцай да яе прыйшлі міліцыянты і
сказалі, што на акне вісяць сцягі.
— Супрацоўнікі прайшлі ў кватэру, паглядзелі, сказалі, што
знізу глядзяцца як сцягі, таму я павінна ехаць у Савецкі РУУС, каб даць
тлумачэнні, — распавядае гаспадыня кватэры.
Паводле яе словах, супрацоўнікі знялі фіранкі. Падчас апытання ў
РУУС Юлія зразумела, што яе затрымалі і далей адвязуць у ІЧУ да суда. Так і
адбылося.
У пратаколе затрымання (ёсць у распараджэнні рэдакцыі)
напісалі, што Юлія пікетавала без дазволу Мінгарвыканкама шляхам размяшчэння на
балконе сцяга бел-чырвона-белага колеру для дэманстрацыі грамадзянам. З
пратаколам мінчанка не пагадзілася.
— Я напісала, што беларуская нацыянальная сімволіка не
належыць нейкаму грамадска-палітычнаму руху або арганізацыі, таму не можа
выказваць грамадска-палітычныя погляды.
Тым не менш Юлію у той жа дзень адвезлі ў ізалятар у 1-м
завулку Акрэсціна, дзе яна правяла ноч з 2 на 3 траўня. 3 траўня суддзя
Савецкага раёна Марына Фёдарава асудзіла мінчанку праз скайп паводле ч 1 арт
24.23 на штраф — 80 базавых адзінак (2320 рублёў).
— Судзіць у Год народнага адзінства за тое, што на акне
вісіць арнамент, які ў горадзе размешчаны на шчытах — гэта наогул весялуха, —
заўважае гаспадыня кватэры.
Юлія кажа, што віселі фіранкі на акне даўно.
— Напэўна, іх прыцягнуў колер — бела-чырвоны. Мне ў РУУС
сказалі, што на фіранкі скардзіліся нейкія грамадзяне, не сказалі, хто
менавіта. Я думаю, што на самой справе гэта быў нейкі рэйд, таму што забіралі
мяне хлопцы без формы, на серабрыстай «Geely», а я іх візуальна ведаю, яны ўвесь
час тут ходзяць.