Таццяну Севярынец аштрафавалі на чатыры яе пенсіі
Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 21 сакавіка разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да рэгіянальнага каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяны Севярынец.
Яе абвінавачвалі ў парушэнні парадку арганізацыі або
правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП). Севярынец атрымала
штраф у памеры 50 базавых велічынь (1150 рублёў). Таццяна Севярынец заявіла,
што сума штрафу складае амаль чатыры яе пенсіі.
Справу разглядала суддзя Алена Жарыкава.
Нагадаем, пратакол на Таццяну Севярынец склалі 26 лютага —
жанчыну затрымалі неўзабаве пасля «Марша недармаедаў» на выхадзе з крамы
недалёка ад яе хаты. Па розных ацэнках, у той дзень у цэнтр Віцебска выйшлі ад
1,5 да 2 тысяч чалавек, якія выступаюць супраць падатку на дармаедства.
Удзельнікі несанкцыянаванай акцыі сабраліся на плошчы Перамогі, а потым прайшлі
калонай праз увесь горад да плошчы Леніна. Гэта быў першы настолькі маштабны
пратэст у Віцебску ў гісторыі суверэннай Беларусі.