Што будзе, калі насельніцтва Беларусі ўзрасце да 20 мільёнаў?

Як адбілася б павелічэнне насельніцтва Беларусі да 20 мільёнаў чалавек на экалогіі краіны? Разважаюць эксперты.

8d0dc2f8f08209dbfda87c9228f43a491.jpg

Заява прагучала 3 жніўня пасля заслухоўвання даклада пра дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі: “Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек. А самая галоўная наша задача, якую не мы, дык нашы дзеці павінны вырашыць, — 15 мільёнаў насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях». На думку Аляксандра Лукашэнкі, за дэмаграфію адказныя чыноўнікі, якія павінны стварыць умовы для стымулявання нараджальнасці, працоўныя месцы і падвысіць дабрабыт людзей.

Як адбілася б павелічэнне насельніцтва Беларусі да 20 мільёнаў чалавек на экалогіі краіны? Разважаюць эксперты.

Лана Семенас, кандыдат сельскагаспадарчых навук, старшыня праўлення экалагічнай ўстановы “Агра-Эка-Культура”:

— Калі зрабіць беларускую сельскую гаспадарку ўстойлівай і ў шырокім сэнсе экалагічнай, можна пракарміць і 15, і 20 мільёнаў чалавек. Гледзячы, што вырабляць. Цяпер Беларусь мае надпрадукцыю прадуктаў жывёлагадоўлі (малака і мяса), у краіне зашмат буйных жывёлагадоўчых комплексаў і яшчэ будуюцца новыя. Вялікая частка іх прадукцыя ідзе на продаж за мяжу. Гэтыя комплексы кепска уплываюць на наваколле і, шырэй, на клімат, выдзяляецца шмат газаў CO2 і метану. Яны папросту атручваюць асяроддзе адкідамі жывёлагадоўлі: вакол такіх комплексаў — мёртвыя палі, пакрытыя гноем. Гной мог бы стаць альтэрнатывай штучным азотным угнаенням, вытворчасць якіх патрабуе шмат рэсурсаў, энергіі, але яго транпартыроўка патрабуе машын, паліва. Машыны, зноў жа, выдзяляюць CO2 — гэта становіцца проста нерэнтабельна. Калі б жывёлагадоўчыя комплексы былі не такія канцэнтраваныя (меншыя па памерах, лакальныя), то можна было б стварыць амаль замкнёны вытворчы цыкл: на палях жывёлы пасвяцца, а потым прадуктамі іх жыццядзейнасці ўгнойваюцца тыя ж палі, дзе вырошчваюцца і прадукты для чалавека, і новы корм для жывёлы.

Для ўстойлівага развіцця ў Беларусі трэба развіваць раслінагадоўлю і памяншаць жывёлагадоўлю. Добра паўплывала б стварэнне дробных гаспадарак розных тыпаў: фермерскіх, сямейных…

Калі б прадукцыя іх была разнастайная, а метады гаспадарання — больш-менш экалагічныя, то паменшыўся б негатыўны ўплыў на прыроду. Цяжка сказаць, ці можна з існай структурай сельскай гаспадаркі пракарміць 20 мільёнаў чалавек, але павелічэнне вытворчасці без змены структуры будзе весці да павелічэння экалагічных праблем.

 Людміла Лагіноўская, дырэктарка ўстановы “Цэнтр этычных адносін да прыроды”:

— Павелічэнне колькасці насельніцтва Беларусі пры захаванні сучаснага ўзроўню мыслення людзей і ўжывальніцкага стаўлення да прыроды падвысіць антрапагенную нагрузку, адмоўна адаб’ецца і на стане прыроды, і на здароўі людзей. Дэмаграфічны выбух з’яўляецца актуальнай глабальнай экалагічнай праблемай, людзей на планеце зашмат. Далейшае павелічэнне насельніцтва прывядзе папросту да знічтажэння прыроды. Каб ашчадзіць яе і дасягнуць высокай якасці жыцця, павінна развівацца культура адносін людзей да навакольнага асяроддзя і між сабой. А пакуль што мы варвары, не ўмеем ашчадна ставіцца да прыроды, нават маючы 9 мільёнаў насельніцтва. Што ж будзе, калі стане 20?

Калі казаць пра аптымальную колькасць людзей у Беларусі, то хай бы было, як ёсць, больш не трэба. Нам варта думаць не пра павелічэнне насельніцтва, а пра захаванне і пашырэнне астраўкоў дзікай некранутай прыроды, тэрыторый з асаблівай аховай. А як гэта рабіць, калі павялічыцца шчыльнасць насельніцтва?

 Уладзімір Сасноўскі, сябра праўлення РГА “Беларускі саюз транспартнікаў”.

— Калі насельніцтва краіны будзе 20 мільёнаў, то я як тарнспартнік не бачу ў гэтым праблемы. Ці зможа Беларусь забяспечыць мабільнасць 20 мільёнаў чалавек на сваёй тэрыторыі? Мяркую, што зможа.

Цяпер у нас не вельмі высокая шчыльнасць насельніцтва, калі не казаць пра Мінск. У выпадку яе ўзрастання трэба будзе дабудоўваць інфраструктуру: дарогі, масты. Павялічыцца шчыльнасць дарожнай сеткі, хаця яна ў нас і так на еўрапейскім узроўні.

У выпадку павелічэння колькасці насельніцтва не абавязкова будзе расці менавіта Мінск, дзе шчыльнасць ужо наблізілася да еўрапейскага ўзроўня. Раней у сталіцы здавалася па 2 мільёны квадратных метраў жытла штогод, а цяпер — ад 600 да 700 тысяч. Гэта пытанне дзяржаўнага рэгулявання, механізмаў стымулявання людзей: дзе будаваць заводы, фабрыкі, дзе ствараць працоўныя месцы. Краіна-та вялікая. У Еўропе і ЗША людзі наадварот імкнуцца жыць за горадам, а мы пакуль хочам усе ў Мінск, тут больш магчымасцяў для самарэалізацыі, наведвання устаноў культуры, гандлю...

Змена свядомасці людзей — пытання не аднаго дня. Калі ў гарадах-спадарожніках будуць тыя ж магчымасці і наладжанае транспартнае злучэнне са сталіцай, калі з таго ж Лагойска ці Заслаўя можна будзе даехаць да Мінска хвілін за 20 круглыя содні, то людзям будзе, па вялікім рахунку, усё роўна, дзе жыць. Нас чакае той жа працэс, што ў Еўропе і ЗША.

 Андрэй Карпека, сябра НДА “Мінская урбаністычная платформа”

— Не бачу нiякiх рэальных сцэнароў для такога значнага павялiчэння насельнiцтва. Складана прадумваць наступствы таго, што не адбудзецца у хуткай перспектыве. А год праз 20 можа быць зусiм iншая сiтуацыя і ў дэмаграфіі, і ва ўрбаністыцы. Такiя абсурдныя заявы могуць быць iнтэрпрытыяваны чынавенствам не менш абсурдным чынам — праз забарону абортаў, напрыклад. Што будзе мець вельмi шырокiя і негатыўныя наступствы як для правоў жанчын, так i для iх здароўя. Прыклад Польшчы ў гэтай галіне, я спадзяюся, утрымае беларускiх чыноўнiкаў ад памылак.

Да таго ж дзяржаве варта iнвеставаць у маладых спецыялiстаў і спецыялістак (сваiх i замежных), ад прадстаунiкоў бiзнэса, IT, медыцыны, тэхнічных прафесій, да гуманiтарнай сферы, мастацтва. Неабходна спрашчаць для iх мiграцыйныя працэдуры і выдачу беларускіх пашпартоў.

На 1 ліпеня 2017-га насельніцтва Беларусі складала 9 мільёнаў 495,5 тысяч чалавек. У апошнія гады троху зменшылася натуральнае скарачэнне насельніцтва, невялікі прырост назіраўся дзякуючы міграцыі, збольшага з Расіі, Украіны, Кітая, Казахстана, Туркменістана, Літвы. Аднак у першай палове 2017-га зноў назіралася зніжэнне, насельніцтва Беларусі паменела на 9 тысяч чалавек.

 greenbelarus.info