Святлана Ціханоўская: Нам трэба трымацца разам

Дэмакратычная лідарка Беларусі ў сваім тэлеграм-канале напісала наконт важнасці адзінства беларусаў. Так, можна сварыцца — але не станавіцца ворагамі, і крытыкаваць — але разам ісці да агульнай мэты.

51400603804_9ee26ab6b7_b.jpg

«Хопіць сварыцца. Чаму вы не можаце аб'яднацца і працаваць разам? Мы не за гэта змагаліся ў 2020-м». Мне часта пішуць такія паведамленні. Я цудоўна іх разумею. У 2020 годзе ўся Беларусь аб'ядналася вакол адной мэты — вызваліць нашую краіну і нашых родных ад дыктатуры. Але праз два гады мы бачым, што наш шлях апынуўся больш складаным і зацягнуўся надоўга. Многія не ведаюць, што яшчэ можна зрабіць, каб гэта скончылася. Хтосьці, адчуваючы адчай, спрабуе знайсці вінаватых.

Я часам хвалююся не менш, чым вы, і не магу забараніць гэта іншым. Мы ўсе маем права на нашыя эмоцыі і на пытанні. Але я толькі хачу нагадаць, як важна берагчы адно аднаго. Сварыцца, але не станавіцца ворагамі. Крытыкаваць, але не спыняцца ісці разам да агульнай мэты.

Зараз вырашальны момант нашай з вамі гісторыі. Мы рызыкуем страціць сваю незалежнасць. Мы рызыкуем страціць сваіх родных, калі Лукашэнка яшчэ больш уцягне нас у гэтую бессэнсоўную вайну. Мы рызыкуем усім. Але сітуацыя за апошнія два гады толькі пагаршаецца, і таму мы ўжо не адчуваем крызіс так востра, мы толькі адчуваем стомленасць і адсутнасць падтрымкі. І жаданне, каб усё гэта хутчэй скончылася.

Я шмат разоў казала, што нам трэба трымацца разам. Быць разам — гэта дапамагчы чалавеку, які з часам здольны бачыць толькі боль, — убачыць надзею. Абняць яго. Натхніць. Надаць сілы. Паверыць у яго і ў сябе самога. Сказаць «дзякуй».

Я хачу сказаць дзякуй усім, хто мяне крытыкуе. Я хачу сказаць дзякуй за тое, што вам не ўсё адно. Што вы не забыліся, не адпусцілі боль за нашую будучыню і сучаснасць, і шукаеце магчымасць усё выправіць. Я ведаю гэтае пачуццё роспачы і страху страціць тое, што любіш. Я ведаю, што менавіта яно вамі рухае. І проста хачу сказаць вам дзякуй, бо мне гэтак жа балюча, як і вам.

Я заклікаю вас сказаць дзякуй тым, хто менш за ўсё ад вас гэтага чакае. Давайце ўзгадаем, што мы адзін народ, і дапаможам адно аднаму ў гэты складаны эпізод нашай гісторыі.