Колькі айцішнікаў сапраўды вярнуліся ў Беларусь?

Спойлер: пасля 2020 года — практычна нуль.

tianhe2_640x353.jpg

«Вельмі многія вярнуліся назад. Паспрабавалі замежжа на зуб і зразумелі, што ў краіне, дзе нарадзіўся, там ты і прыдаўся. Гэта добрыя тэндэнцыі. Новыя рэзідэнты рэгіструюцца, свае ІТ-прадукты ствараюць, асвойваюць новыя рынкі», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Да словаў Лукашэнкі аб ІТ-спецыялістах, якія нібыта пачалі вяртацца ў Беларусь, не трэба ставіцца сур`ёзна. Пра гэта распавялі ў польскім Беластоку беларускія айцішнікі, якія 18 лістапада 2022 года ўпершыню сабраліся на свой мітап.

«Некалькі гадоў таму, недзе ў 2019 годзе, то-бок да ўсіх вядомых падзей, я ведаў пару, якая вярнулася ў Мінск. Штосьці ім тут не спадабалася. Можа, заробкі, неабходнасць здымаць кватэру. А там яны мелі жыллё. А вось са свежапрыехалых я не ведаю такіх, якія б вярталіся», — распавёў карэспандэнту «Новага часу» ініцыятар сустрэчы айцішнікаў Аляксандр, які ўжо некалькі гадоў жыве і працуе ў Беластоку ў фірме SII-Polska.

Яго калега-полька, рэкрутар Вераніка, на пытанне аб змяншэнні беларускіх айцішнікаў на польскім рынку працы толькі пасміхнулася. Паводле яе, наадварот айцішнікаў у Польшчу прыязджае ўсё больш. Ну а яе прысутнасць на мітапе з мэтай рэкрутацыі новых супрацоўнікаў сведчыла пра тое, што беларускім ІТ-спецыялістам ёсць на што разлічваць пры пераездзе і валоданні англійскай і польскай мовамі.

Падзеі апошняга часу сталі найбольш моцным штуршком для пераезду айцішнікаў у Польшчу і, у прыватнасці, у Беласток. Прычынай стаў не толькі палітычны пераслед. «Былі ўведзены санкцыі, у тым ліку супраць ІТ-кампаній, і многія страцілі магчымасць, ды і жаданне працаваць у Беларусі», — кажа Аляксандр.

Паводле яго, кожны эмігрант напачатку марыць вярнуцца на радзіму. «Але з часам, калі чалавек працяглы час жыве на новым месцы, ён абрастае нейкімі сацыяльнымі сувязямі. Такія ж сувязі з’яўляюцца ў яго дзяцей, яго жонкі, і ў іх усё менш і менш шанцаў вярнуцца на радзіму», — мяркуе беларускі айцішнік.

Як адзначылі арганізатары, мітап у Беластоку якраз і быў скіраваны на больш шчыльнае знаёмства і ўсталяванне сувязяў паміж прадстаўнікамі ІТ-галіны горада. Прычым не толькі тых, якія прыехалі з Беларусі, але і з Украіны, і з іншых краін. Прыклад падобных мітапаў, па словах Аляксандра, узяты ад польскіх калег.

«Мы наведваем многія польскія айці-падзеі ў Беластоку. З надыходам восені яны праходзяць прыкладна 2-3 разы на месяц звычайна на польскай мове, вельмі рэдка на англійскай. Ну і вось мы вырашылі нешта аналагічнае зрабіць для тых, хто прыехаў, але яшчэ не валодае польскай мовай», — адзначае ініцыятар сустрэчы, якую прафінансавала яго фірма.

Арганізатары не ставяць за мэту стварэнне нейкага фармальнага аб’яднання айцішнікаў, але плануюць рабіць падобныя мітапы 2-3 разы на год. «Гэта проста свабодная сустрэча, куды могуць прыйсці людзі з ІТ і сумежных прафесій», — кажуць яны.

Паводле даных Белстата, за 9 месяцаў 2022 года Беларусь страціла больш за 13 тыс. ІТ-спецыялістаў. Працаўладкаваліся за гэты перыяд 10 576 праграмістаў, а звольніліся 23 855.