Святлана Ціханоўская: Калі мы змагаемся кожны дзень — яны не могуць нападаць, а могуць толькі абараняцца
Святлана Ціханоўская адрэагавала на апублікаваны BY_POL запіс, дзе чалавек з голасам, падобным да голасу Караева заклікае сілавікоў знаходзіць і забіваць пратэстоўцаў. Яна напісала «ліст да беларуса».
«Гэтай ноччу я слухала новы запіс BY_POL — словы Караева ў развітальнай прамове да ГУБАЗіК. Яго тады прыбралі з пасады міністра ўнутраных спраў, і ў якасці пажадання ён сказаў сваім баевікам, што беларускі народ — "тупаваты і недалёкі". Што мы "ніколі ні за каго". Што нам "нельга даць паспрабаваць параўнанне, як можа быць па-іншаму". Што трэба "кідаць усё, знаходзіць нас — і забіваць". Таму што ім "лепш ведаць, як нам жыць". Таму што яны — "гасударавы людзі". А мы — "тлустыя абывацелі".
У яго прамове шмат слоў, якія паказваюць, як думаюць людзі, якія занадта доўга прабылі ва ўладзе і занадта доўга былі беспакараныя. Гэтая прамова — напамін не маўчаць, не згаджацца, не спыняцца. Інакш яны прывыкнуць, што можна ўрывацца ў нашыя бальніцы, школы, крамы, дамы — і прыстаўляць нам рулю да скроні. А потым "прыдумляць мемы" і смяяцца з тысяч змучаных і згвалтаваных людзей.
Але нават не гэта галоўнае ў яго прамове. Я ўбачыла ў ёй і іншае. У гэтай прамове Караеў распавёў, як мы пераможам.
Ён кажа: калі мы паўсюль, калі мы змагаемся кожны дзень, калі не даём ім апамятацца — яны не могуць нападаць, а могуць толькі абараняцца. Яго словы даказваюць, што мы ўсё рабілі правільна, і нам трэба працягваць кожны дзень: інфармацыя, вуліцы, партызаншчына, міжнародны ціск, выбудоўванне арганізацый.
Яго словы даказваюць, што другой хвалі пратэсту рэжым не вытрымае. І што ў іх можа атрымацца, толькі калі мы самі вырашым, што прайгралі, і спынім супраціў.
Ты памятаеш, Карпянкоў называў "лішнімі людзьмі" ўсіх пратэстоўцаў. Караеў жа лічыць лішнімі наогул усіх, акрамя "гасударавых людзей" — сябе і сваіх самых набліжаных. "Негасударавы" людзі — гэта ўся краіна. Гэта актывісты. Гэта лекары. Гэта нашы бабулі і нашы дзеці. Гэта тыя чыноўнікі, што "не даслужыліся" да ўдзелу ў захопе ўлады. Гэта сагнаныя на сходы і праўладныя мітынгі "дэлегаты". Гэта выкарыстаныя і загнаныя ў даўгі рэжыму сілавікі.
Няма ніякіх "іх" і "нас". Ты, я, мы ўсе патрэбныя "гасударавым людзям", толькі каб забяспечваць ім сытную вячэру і цёплую казённую кватэру з дачай.
Вось таму чалавек, які занадта доўга ва ўладзе, абараняе не дзяржаву, а сябе — і губляе прыхільнікаў. Ён ператварае ў расходны матэрыял сваіх жа байцоў — не задумваючыся, наколькі блізкі момант, калі яны пакінуць яго аднаго, і калі да соцень тысяч людзей на вуліцах дададуцца добра яму знаёмыя твары.
І мы працягнём змагацца за сваю свабоду, а значыць, гэтая будучыня ўжо хутка. Так, яна патрабуе гераічных намаганняў, але мы і нашы дзеці павінны даведацца, як гэта — жыць па-іншаму».