Сваякі Міхаіла Жызнеўскага могуць атрымаць ад Украіны 1 мільён грыўнаў дзярждапамогі

Сваякі загінулага на Еўрамайдане ў Кіеве 22 студзеня грамадзяніна Беларусі Міхаіла Жызнеўскага могуць атрымаць ад Украіны 1 млн. грыўнаў (прыблізна 110 тыс. долараў ЗША) дзяржаўнай дапамогі.



zhiznevskiy_245.jpg

21 лютага Вярхоўная рада Украіны ўхваліла распрацаваны дэпутатамі фракцыі апазіцыйнай партыі "Бацькіўшчына" законапраект аб дзяржаўнай дапамозе пацярпелым удзельнікам масавых акцый пратэсту і іх сем`ям.
Як паведаміў у сваім блогу на "Украинской правде" адзін з аўтараў законапраекта Андрэй Пышны, дапамога "ў сувязі са смерцю члена сям`і, які ўдзельнічаў у масавых акцыях грамадзянскага пратэсту, пры ўмове, што смерць непасрэдна звязана з удзелам у масавых акцыях грамадскага пратэсту", складзе 1 млн. грыўнаў, у сувязі з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў — 700 тыс. грыўнаў, цялесных пашкоджанняў сярэдняй цяжкасці — 500 тыс., лёгкіх цялесных пашкоджанняў, пабояў, у сувязі з катаваннямі — 200 тыс., знішчэннем або пашкоджаннем маёмасці — у памеры затрат, неабходных для яе аднаўлення або набыцця маёмасці аналагічнага кошту.
Закон устанаўлівае, што ўдзельнікі масавых акцый грамадзянскага пратэсту — гэта не толькі грамадзяне Украіны, але і іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія пастаянна жывуць ва Украіне, а таксама асобы, прызнаныя ва Украіне бежанцамі або тымі, хто мае патрэбу ў дадатковай абароне.
Паводле слоў Пышнага, гэтае палажэнне выклікала незадавальненне фракцыі камуністаў. "Спадчыннікі Ільіча забылі пра інтэрнацыяналізм, бо снайперы, якія, нібыта на паляванні, адстрэльвалі сваіх бяззбройных ахвяр, не глядзелі ў пашпарт, а толькі ў ачко аптычнага прыцэлу, пасля чаго націскалі спускавы кручок. Нагадаю, што адным з першых ад кулі снайпера загінуў грамадзянін Беларусі Міхаіл Жызнеўскі", — напісаў дэпутат.
Загінулых і параненых "падчас атак рэжыму Януковіча супраць актывістаў Майдана" Пышны назваў "сапраўднымі героямі нашага часу", "творцамі новай, еўрапейскай Украіны, якія ўласнай крывёй адстаялі права кожнага ўкраінца на свабоднае жыццё, на свабоднае развіццё нашай вялікай краіны". "Гэта лепшыя з лепшых, якія прадстаўляюць усе рэгіёны нашай дзяржавы, а таксама нашы пабрацімы з Беларусі, Грузіі і Расіі", — падкрэсліў парламентарый.
Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя Украіны, з 10.20 18 лютага, калі супрацьстаянне зноў перайшло ва ўзброеную фазу, да 18.00 21 лютага загінула 77 чалавек. Па медыцынскую дапамогу звярнулася 589 чалавек, з іх 379 шпіталізавана. Еўрамайдан ідэнтыфікаваў 75 цел загінулых: 64 пратэстантаў і 11 сілавікоў. Жызнеўскі загінуў 22 студзеня разам з Сяргеем Нігаянам, які пераехаў ва Украіну з Арменіі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН