«Свае турмы мы будуем сабе з дзяцінства, і многія ў іх і застаюцца»

У сваім спецпраекце на budzma.by Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, ментальную турму, арышт і эміграцыю распавядае Наталля — дызайнерка і мастачка.

56e4ea06a8c985e7e104392e335e9986.jpeg

Пра плакат і ўласную турму. Мой плакат «Мая краіна сядзіць у турме» мае два сэнсы. Адзін — непасрэдны, прысвечаны палітычным зняволеным, якіх у нашай краіне вельмі шмат. Вельмі шмат людзей, якія прайшлі праз суткі і многія ўсё яшчэ сядзяць ні за што. Другі сэнс, які, магчыма, на паверхні не ляжыць, — гэта ментальная турма. Вельмі шмат нашых людзей не ведае, што можа быць інакш, яны нібы сядзяць у нейкім сваім свеце, дзе іх ніхто не чапае, дзе, маўляў, няма вайны і добра. Яны, мяркую, нават не дазваляюць сабе разумець, як можа быць па-іншаму. То бок гэта турма, якую яны выбудавалі сабе самі, у якой яны жывуць, з якой іх дастаць немагчыма, і выходзіць з яе яны асабліва не хочуць.
Дзіцячая турма для дарослых. Калі паглядзець на тое, як нас выхоўваюць з дзяцінства, адразу з дзіцячага садка нам забіваюць у галаву, што мы не павінныя вылучацца, мусім быць як усе, мусім працаваць і ўсё. Як кажуць, «спажывай, працуй, здохні».
Калі кажаш гэта даросламу чалавеку, у якога ёсць крытычнае мысленне, ён можа падумаць пра гэта, забыцца. А калі гэта з дзяцінства удзёўбвалі дзіцяці... Іх (дзяцей) намагаюцца зрабіць такімі, як усе. Напрыклад, у школе, калі ты пішаш сачыненне пра разуменне мастацкага твора, ты не павінен зразумець гэта па-іншаму, а павінен зразумець менавіта вось так. І гэта суправаджае ўсё наша жыццё. Мусіць, гэта спадчына савецкага мінулага.
Свае турмы мы будуем сабе з дзяцінства, і многія ў іх і застаюцца. Насамрэч некаторым у іх зручна, бо калі пачынаеш думаць, заўважаць нейкія іншыя рэчы, думаць пад іншым вуглом, а не толькі пад тым, пра які кажуць па тэлевізары, то разумееш, што нешта ідзе не так, што ўсё можа быць па-іншаму, і табе ўжо не падабаецца жыць у тым, у чым ты жывеш.
Маё жыццё — мая пабудова. Я дзяўчына, і ў нашай краіне, калі табе дваццаць адзін, ты мусіш выйсці замуж. Калі не атрымалася, то ты, маўляў, ужо старая кабета, цябе ніхто не возьме, на цябе ўся супольнасць цісне. Пасля дваццаці чатырох мне ўсе пачалі казаць, што час нарадзіць. Калі пафарбавала валасы ў сіні колер, уставіла кольцы ў нос, чула: «О, божа, ты ж дзяўчына». Я чую гэта ад сталых, ад людзей свайго веку. Гэта значыць: «Ты выходзіш па-за межы нашага ўспрымання, то бок ужо не такая, мы цябе не прымаем». Але я прывыкла з гэтым жыць, змагацца з гэтым з дзяцінства. Мне падабалася глядзець на досвед іншых краін, іншых людзей, якія былі нібы народжаныя свабоднымі і гадаваліся без такой перадузятасці. Гэта дапамагала мне разумець, што хутчэй я маю рацыю, а не тыя, хто кажа, што я нешта раблю не так. Маё жыццё — мая пабудова.
Міліцэйскае свавольства і акцыі. У мяне ёсць некалькі сяброў, якія прайшлі Акрэсціна ў жніўні. Сілай, якая выводзіла мяне на вуліцу, былі не скрадзеныя выбары, голас і гэтак далей, а міліцэйскае свавольства, несправядлівасць у дачыненні да людзей, якія сядзяць ні за што, менавіта жудасная судовая сістэма, парушэнне базавых правоў. Мой плакат дагэтуль не страціў актуальнасці. Я сама сядзела на сутках разам з мужам: проста дарыла кветкі пенсіянерам, а мой муж падвёз да гэтага мерапрыемства. Так паўтары хвіліны знаходжання на плошчы ператварыліся ў дванаццаць сутак у СІЗА. Мне на сабе давялося адчуць усю гэтую лухту, а пасля мы былі вымушаныя спешна пакінуць краіну, бо мной зацікавіліся сілавыя структуры і пачалі актыўна дасылаць позвы.
Выходзіць, пакуль не дасягнеш мэты. Пакуль я была ў Беларусі, то ўдзельнічала практычна ва ўсім, прынамсі намагалася. Я ішла на вуліцу таму, што людзі сядзяць у турмах несправядліва, парушаюцца мае асабістыя правы, у тым ліку базавыя, на бяспеку. Колькі б я ні ўдзельнічала ў розных акцыях, нічога не вырашалася, усё станавілася толькі горш. Мэты я не дамаглася, таму працягвала выходзіць колькі магла гэта рабіць.