Супраць Уладзіміра Гундара і Паўла Рэзановіча распачаты новыя крымінальныя справы

Супраць фігуранта «справы Аўтуховіча» палітвязня Уладзіміра Гундара ўзбудзілі крымінальную справу за абразу пракурора паводле арт. 369 КК, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2022_12_15_17_36_36.jpg

Вядома, што бок дзяржабвінавачвання на судзе па «справе Аўтуховіча» падтрымлівалі адразу два пракуроры і пакуль невядома, каго менавіта «абразіў» палітвязень. Абвінавачванне яму яшчэ не прад'явілі, гэта павінна адбыцца на наступным тыдні.

Канал «Право имеют» паведамляе, што, меркавана, крымінальная справа таксама ўзбуджана супраць палітвязня Паўла Рэзановіча).


Нагадаем, палітвязень Уладзімір  Гундар быў затрыманы 30 снежня 2020 года па абвінавачванні ў «стварэнні злачыннай арганізацыі» і «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», пры затрыманні ён быў збіты. Гундар мае інваліднасць: некалькі гадоў таму перанёс складаную аперацыю, яму ампутавалі нагу. Акрамя таго, мужчына пакутуе на гіпертанію і сасудзістае захворванне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, які падчас затрымання сілавікі прымусілі зняць.

У чэрвені Гундар аб'явіў сухую галадоўку пасля таго, як яго даставілі ў суд у адных майтках, паставілі ў расцяжку і прыкулі рукі наручнікамі да кратаў. За непадпарадкаванне яго змясцілі ў карцар.

Усіх затрыманых па справе Аўтуховіча 17 кастрычніка асудзілі да вялізарных тэрмінаў: так, Уладзіміра і Паўла — да 18 і 19 гадоў калоніі адпаведна. Цяпер усе фігуранты справы чакаюць разгляду апеляцыйнай справы.