Вакол сітуацыі з Марыяй Калеснікавай — зноў інфармацыйная блакада

Як сябе пачувае Марыя Калеснікава? Бацька Марыі зноў нічога не можа даведацца пра стан дачкі. Інфармацыі яму ніякай не даюць, прапануюць пісаць афіцыйны запыт, адваката да Марыі не пускаюць. «Не хочацца разважаць пра этычныя нормы, але проста цікава: што ў гэтых людзей замест сэрца?» — задае рытарычнае пытанне Аляксандр Калеснікаў.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__33__logo_1_1_1_1.jpg

Напрыканцы мінулага месяца стала вядома, што Марыя патрапіла ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй, яе прааперыравалі 28 лістапада.

5 снежня Марыі Калеснікавай дазволілі паразмаўляць у палаце з бацькам, але не сам-насам, а ў прысутнасці супрацоўнікаў МУС.

А як зараз сябе пачувае Марыя Калеснікава?

— На жаль, вакол сітуацыі з дачкой ізноў утварылася інфармацыйная блакада, — распавёў «Народнай Волі» Аляксандр Паўлавіч Калеснікаў, бацька Марыі. — Лістоў ад яе няма, хаця, мяркую, яна пісала і піша мне. Калі тэлефаную, каб даведацца пра стан здароўя Машы, то адказваюць: «Па тэлефоне даведак не даём». Я адправіў запыт і заказным пісьмом, і па электроннай пошце, але адказу пакуль не дачакаўся.

На гэтым тыдні ў Гомелі быў адвакат Марыі, але яго таксама не пусцілі да яе. Паведамілі, што яна, маўляў, знаходзіцца ў медсанчасці, а таму не можа дайсці да пакоя, дзе адбываецца сустрэча з адвакатам. Адным словам, я абсалютна не ведаю, як сёння сябе пачувае Маша.

Асабіста мне ехаць у Гомель таксама, відаць, не мае сэнсу, бо можна згубіць дзень без гарантыі, што нешта даведаешся. Таму афіцыйныя лісты адправіў — чакаю, што адкажуць.

— Але ж сустрэчу ў шпіталі вам дазволілі…

— Пасля гэтага яшчэ некалькі дзён у санчасці мне давалі інфармацыю па тэлефоне пра стан здароўя дачкі, казалі, што яна папраўляецца, але затым рэзка інфармацыя стала закрытай. Сказалі: усё даведвайцеся толькі праз афіцыйны запыт.

Я толькі не разумею, навошта так засакрэчваць інфармацыю ад бацькоў? Бацька не мае права ведаць, як сябе пачувае дачка пасля аперацыі, нават калі яна ў гэты час адбывае пакаранне? Не хочацца разважаць пра этычныя нормы, але проста цікава: што ў гэтых людзей замест сэрца?

Экс-кіраўніцу штаба Віктара Бабарыкі затрымалі на пачатку верасня 2020 года, пасля чаго спецслужбы паспрабавалі вывезці Марыю Калеснікаву з Беларусі ва Украіну. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі.


6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса і асудзіў да 11 гадоў пазбаўлення волі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні такім фарміраваннем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Такі вердыкт, акрамя абурэння, нічога іншага не выклікаў у цывілізаванай грамадскасці.

На пачатку гэтага года Марыю этапавалі ў Гомельскую калонію.

Паводле «Народнай Волі»