Супраць будаўніцтва бізнес-цэнтру на Кастрычніцкай плошчы падпісаліся больш за тысячу чалавек

Новы будынак плянуюць пабудаваць на месцы знесенага Музею Вялікай айчыннай вайны. Петыцыя супраць будаўніцтва была створаная 28 снежня, на дадзены момант яе падпісалі 1399 чалавек, паведамляе Радыё Свабода.

Так можа выглядаць новы будынак. Ілюстрацыя з сайта petitions.by

Так можа выглядаць новы будынак. Ілюстрацыя з сайта petitions.by


«Не дапусцім узвядзення вельмі пасрэднага, несучаснага, залішне эклектычнага, недарэчнага і дысануючага з навакольнай забудовай будынка бізнес-цэнтра ў самым цэнтры Мінску», — гаворыцца ў петыцыі.
Аўтары петыцыі плануюць сабраць дзве тысячы подпісаў, пасля чаго накіруюць іх у Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму.
Аб тым, што на месцы знесенага Музею ВАВ плануюць пабудаваць бізнес-цэнтр, стала вядома напрыканцы снежня. Будаўніцтвам зоймецца кампанія «Белінета-Роба», якая ўваходзіць у «Дана-Холдынгс», паведамляе партал tut.by. Новы будынак размесціцца паміж Палацам прафсаюзаў і сядзібай сотавага аператара «Велком».
Стары будынак музею ВАВ на Кастрычніцкай плошчы Мінску пачалі дэмантаваць восенню 2014 году. Першапачаткова на яго месцы збіраліся пабудаваць шматпавярховы гатэль, затым кіраўніцтва Мінску заяўляла, што замест музею будзе разбіты сквер. Дата пачатку будаўніцтва шматфункцыянальнага бізнес-цэнтру на месцы былога музею пакуль не называецца.