Суд палічыў відэазапіс «Лукашэнка пра Гітлера» дэманстрацыяй нацызму

31 сакавіка суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў прызначыў штраф у 135 рублёў (5 базавых) гамяльчаніну Ігару Мазейка за дэманстрацыю ў «Укантакце» відэазапіса «Лукашэнка пра Гітлера». Яшчэ адзін пратакол па абвінавачванні ў экстрэмізме суд вярнуў у міліцыю для ліквідацыі недахопаў.

Ігар Мазейка і Леанід Судаленка ў судзе

Ігар Мазейка і Леанід Судаленка ў судзе

Малады чалавек, які працуе на заводзе «Гомсельмаш» электраманцёрам віну ў судзе не адмаўляў, прасіў ўжыць да яго мінімальную санкцыю.
«Я не прапагандаваў і ня апраўдваю злачынствы нацысцкай Нямеччыны. Відэа захаваў для асабістага прагляду. Нацысцкай сімволіцы ў выглядзе сцяга са свастыкай Трэцяга рэйха (Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі), якая знаходзіцца тут, я асаблівага значэння не надаў», — заявіў у судзе Мазейка.
За працэсам назіраў гомельскі праваабаронца Леаніда Судаленка. Паводле яго слоў, экстрэмісцкі матэрыял суд ад міліцыі не прыняў, вярнуў назад, што з'яўляецца станоўчым момантам.
«На жаль, практыка Камітэта ААН па правах чалавека пакуль не ведае канкрэтных спраў, звязаных з дэманстраванне нацысцкай сімволікі. А вось Еўрапейскі суд разглядаў падобную справу — у Венгрыі быў асуджаны чалавек, які выйшаў на парад у пілотцы з чырвонай зоркай, хоць савецкая сімволіка ў краіне была забароненая. Пасля рашэння ЕСПЧ на карысць канкрэтнага чалавека такая забарона ў Венгрыі была змененая», — прывёў у прыклад практыку Судаленка.
Юрыст падкрэсліў, што права на распаўсюд інфармацыі не з'яўляецца абсалютным і можа падлягаць пэўным абмежаванням. Паводле беларускіх законаў сам факт размяшчэння ў сетцы Інтэрнэт нацысцкай сімволікі ўтварае склад правапарушэння, па-за залежнасці ад яго мэтаў.
«Свабода выказвання меркаванняў з'яўляецца фундаментальным правам, у тым ліку і ў дачыненні да той інфармацыі, якая шакіруе, абражае або выклікае занепакоенасць. Мы пачынаем па гэтым пытанні стратэгічную цяжбу для таго, каб даведацца экспертнае меркаванне Камітэта ААН па правах чалавека», — дадаў Судаленка.
Паводле gomelspring.org