Суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» ў Магілёве будзе закрытым
Крымінальная справа ў дачыненні да
сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»
Паўла Севярынца, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская
Беларусь» — Яўгена Афнагеля, Паўла
Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча — будзе
разглядацца ў судзе ў закрытым рэжыме, адзначае «Радыё Рацыя».
Пачатак працэсу запланаваны на 12 траўня — пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе.
«Крымінальная справа будзе разглядацца ў закрытым судовым пасяджэнні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон», — паведаміла супрацоўніца абласнога суда, куды інфармацыйная кампанія «БелаПАН» звярнулася па акрэдытацыю карэспандэнта для асвятлення суда.
Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года ля свайго дома ў Мінску неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.
21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачатая справа паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса («Затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства»). Затым стала вядома, што Севярынцу выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»), яго пакінулі пад вартай.
Войніч, Юхневіч і Афнагель былі затрыманыя 25 верасня мінулага года. У кастрычніку ім выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» Афнагелю было выстаўлена яшчэ адно абвінавачанне — паводле ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці»).
Пра затрыманне Вінярскага МУС паведаміла 26 студзеня. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, яму таксама выстаўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»).
Блогер youtube-канала «Шэры кот» Дзмітрый Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня і на наступны дзень арыштаваны на 20 сутак. Ён павінен быў выйсці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Казлова распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Усе шасцёра абвінавачаных знаходзяцца ў магілёўскай турме № 4.
www.racyja.com, belapan.by