Стаў вядомы кошт лячэння пацыента з COVID-19. Раней улады называлі лічбу ў чатыры разы менш
На лячэнне аднаго пацыента з каронавірусам улады выдаткоўваюць 750 рублёў у дзень. Такія даныя апублікаваў Пінскі райвыканкам.
Паводле звестак Пінскага райвыканкама на 18 кастрычніка гэтага года, пры сярэдняй працягласці хваробы 11 дзён выдаткі на лячэнне аднаго пацыента з каронавірусам складаюць 8250 рублёў — з разліку 750 рублёў у дзень.
Амаль год таму Аляксандр Лукашэнка называў лічбу ў тры з паловай разы менш. 5 лістапада 2020 года ён распавёў, што лячэнне аднаго пацыента ад каронавіруса абыходзіцца краіне ад 90 да 220 рублёў.
Праз некалькі дзён намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка пацвердзіў агучаныя звесткі. Ён адзначыў, што ў сярэднім па краіне ва ўмовах інфекцыйнага стацыянара кошт лячэння складае каля 2,2 тысячы рублёў пры сярэдняй працягласці хваробы 11-12 дзён. Пры гэтым адзін ложак-дзень лячэння пацыента з COVID-19 у аддзяленні анестэзіялогіі-рэанімацыі каштуе каля 800 рублёў.
У студзені 2021 года Баранавіцкая газета Intex-press палічыла, што лячэнне аднаго пацыента з каронавіруснай інфекцыяй у горадзе абыходзіцца ў 3162 рублі. Разлік рабілі па наступнай формуле: сярэдні кошт аднаго ложка-дня пацыента з COVID-19 — 250,96 рубля, памнажаецца на сярэдні тэрмін лячэння ў стацыянары — 12,6 дзён.
У пачатку кастрычніка 2020 года лячэнне ў Баранавічах было значна танней — 2096,12 рублёў.
Паводле партала Зерк...ло